Менскі гарадзкі Савет 26 галасамі “за” пры 6 “супраць” ухваліў
прызначэньне Аляксандрам Лукашэнкам на пасаду старшыні Менскага гарадзкога
выканаўчага камітэту Міхала Паўлава. Прадстаўляў кандыдатуру Паўлава ягоны
папярэднік, а цяпер кіраўнік ураду Ўладзімер Ярмошын.
Выступ Уладзімера Ярмошына працягваўся тры хвіліны, а праграмная прамова
Паўлава й таго меней – паўтары. Міхал Паўлаў адзначыў толькі, што асноўная
ягоная праца будзе сканцэнтраваная на вырашэньні сацыяльна-эканамічных
праблемаў гораду.
Дэпутаты задалі прызначэнцу Лукашэнкі некалькі пытаньняў. Адказваючы
на іх, Паўлаў супакоіў дэпутатаў і прадстаўнікоў апарату, зазначыўшы, што
пры ім “падыходы Ярмошына застануцца без усялякай ломкі”, а сканцэнтруецца
ён перш за ўсё на пытаньнях дабраўпарадкаваньня й санітарнай ачысткі, паколькі
Менск, на думку Паўлава, павінен быць эталёнам ня толькі ў Беларусі, але
і ў Эўропе.
Кіраўнік гарадзкога Савету Ўладзімер Папкоўскі паведаміў на сэсіі, што
зьвязваўся з калегамі-дэпутатамі з Баранавічаў і тыя станоўча ахарактарызавалі
Паўлава, паколькі за два з паловаю гады той нікога ня звольніў “з каманды
гораду”, ні з кім не расправіўся…
Адзінай прэтэнзіяй некаторых з дэпутатаў да Міхала Паўлава было тое,
што ён чужак, ня зь Менску. У прыватнасьці, дэпутат Аляксей Тутубылін адкрыта
заявіў, што яму сорамна галасаваць за такое прызначэньне, паколькі яно
“несправядлівае для Менску”. Аляксей Тутубылін прапанаваў, каб галасаваньне
прайшло таемна, што дазволіла б пазьбегнуць адміністрацыйнага ўціску. І,
на дзіва, бальшыня дэпутатаў падтрымала гэтую прапанову. У выніку таемнага
галасаваньня 6 галасоў было пададзена “супраць” Міхала Паўлава, але бальшыня
пагадзілася з прэзыдэнцкім прызначэньнем.
Першыя дні кіраваньня Міхала Паўлава былі азмрочаныя фактамі затрыманьня
й зьбіцця соцень грамадзянаў пад час падзеяў 25 сакавіка, але чамусці аніводзін
з дэпутатаў не згадаў пра гэта. Пытаньне пра арышты й скарыстаньне спэцсродкаў
на вуліцах Менску Паўлаву задалі толькі журналісты…
Вось што ён адказаў:
“Рашэньне прымаў ня я… Тое ж, што было ў вадносінах да карэспандэнтаў,
гэта з “рук вон” абуральны факт. Карэспандэнты патрабуюць да сябе вельмі,
вельмі дабразычлівых адносінаў”, – гэтак лічыць Міхаіл Паўлаў. А ад камэнтару
дзеяньняў Міністэрства нутраных справаў ён адмовіўся.
Старшыня Менскага гарадзкога Савету Ўладзімер Папкоўскі ў інтэрвію “Радыё
Свабода” быў больш адназначны ў ацэнках падзеяў 25 сакавіка:
“Цяпер створана камісія ва Ўправе нутраных справаў Менскага гарадзкога
выканаўчага камітэту, якая разьбіраецца з гэтымі рэчамі, а мы ў бліжэйшы
час паслухаем, што нам скажуць пра падзеі, якія адбыліся, арганізатары
і асобы, што забаранялі шэсьце. Што датычыць забаронаў і дазволаў, то ўсё
рабілася паводле закону. Мітынг быў дазволены, шэсьце забаронена. Гэта
цалкам законна й былі падставы так паступіць, таму што чакаліся непрыемныя
эксцэсы накшталт 17 кастрычніка. Мяркуючы па ўсім, ня ўсе падпарадкаваліся
прынятаму выканаўчым камітэтам рашэньню, і давялося міліцыі ўмяшацца й
некага затрымаць. Ці былі незаконныя дзеяньні – вызначыць камісія. Калі
яны былі, то іхныя выканаўцы будуць пакараныя… Я аб’яжджаў горад і бачыў,
што адбывалася й што магло адбыцца, калі б нашы сілавыя структуры ня выканалі
свой абавязак”, – гаварыў Уладзімер Папкоўскі.
Ён паведаміў, што гарадзкі Савет пакуль ня будзе разглядаць пытаньне
пра падзеі 25 сакавіка ў Менску.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1