Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 23 сакавіка)
Цэнтральная камiсiя Рэспублiкi Беларусь у справе выбараў i правядзеньнi рэспублiканскiх рэфэрэндумаў падрыхтавала праект пастановы аб парадку асьвятленьня ў дзяржаўных сродках масавай iнфармацыi маючай адбыцца выбарчае кампанii. Пра гэта паведаміла сёньня старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына пад час круглага стала ў грамадзкім прэс-цэнтры Дома друку.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што кандыдаты ў дэпутаты атрымаюць за кошт дзяржавы права публікаваць тэксты сваіх праграмаў у аб’ёме ня больш за дзьве старонкі ў цэнтральнай або мясцовай дзяржаўнай прэсе.

Паводле Ярмошынай, пры распрацоўцы пастановы Цэнтральная камiсiя абапiралася на надоечы прыняты Выбарчы кодэкс Рэспублiкi Беларусь. Прадугледжана, у прыватнасьцi, што кандыдатам будзе бясплатна прадастаўляцца месца ў эфiры дзяржаўнае тэлевізіі ды радыё i на старонках дзяржаўных газэтаў. Аднак эфір Беларускае тэлевізіі дастанецца толькі кандыдатам, якiя вылучацца ў Менску й Менскай вобласьцi. Астатнiя будуць карыстацца паслугамі рэгiянальных тэлеканалаў.

Асьвятленьне дзейнасьцi кандыдатаў у дзяржаўных газэтах, адзначыла Ярмошына, абмяжуецца публiкаваньнем іхных перадвыбарчых праграмаў. Дзеля гэтага будзе адведзена месца ў газэтах «Рэспублiка», «Народная газета», «Звязда», «Белорусская нива», «7 дней», «Знамя юности», «Чырвоная змена» i, адпаведна, у дзяржаўнай рэгіянальнай прэсе. Відавочна, што сталiчныя кандыдаты зноў будуць у прывiлеяваным становiшчы. У Менску няма анiводнае дзяржаўнае гарадзкое газеты – таму яны будуць публікаваць свае праграмы ў цэнтральных дзяржаўных газэтах.

Адказваючы на маё пытаньне, спадар Падгайны прызнаў, што прапарцыйная сыстэма выбараў значна аблегчыла б разьмеркаваньне эфіру й газэтнае плошчы дзеля перадвыбарчае прапаганды. Дзяліць час і газэтныя палосы відавочна прасьцей паміж некалькімі партыямі, чым паміж сотнямі кандыдатаў.

Падгайны, аднак, падкрэсьліў, што не зьяўляецца прыхільнікам прапарцыйнае сыстэмы, паколькі, маўляў, яна супярэчыць беларускаму мэнталітэту. Старшыня Дзяржкамдруку лічыць, што сёньня немагчыма дасягнуць роўнасьці ў справе доступу кандыдатаў да мас-мэдыяў.

(Падгайны: ) “Гэта немагчыма, наогул, як кажуць. Таму што роўнасьць, як я ўжо сказаў сёньня на “круглым стале”, бывае толькі ў моргу, там усё залежыць ад камэраў, у якіх знаходзяцца “прадстаўнікі роўнасьці”. Гэта немагчыма, бо роўнасьць, як паказвае жыцьцё, не зьяўляецца стымулам да нейкага прагрэсу, да нейкага руху наперад. Магчыма, усё ж-такі мы ў свой час прыйдзем да таго, што будуць фармавацца нейкія выбарчыя фонды для кожнага з кандыдатаў”.

Гаварыў старшыня Дзяржкамдруку Міхал Падгайны.

Тое, што роўнасьці ня будзе, упэўнены ня толькі афіцыйныя асобы. Вось што кажа на гэты конт віцэ-прэзыдэнт БАЖу Аляксандар Тамковіч…

(Тамковіч: ) “У рэальнасьці гэта будзе азначаць тое, што кандыдаты ад апазыцыі ня будуць мець такіх магчымасьцяў, як кандыдаты ад улады. Калі сам спадар Падгайны кажа, што ня можа быць роўнасьці, дык тады якія могуць быць пытаньні да незалежнай прэсы? Дарэчы, мы ніколі, ня толькі нашая газэта “Свободные Новости”, у якой я працую, я ня ведаю такога прыкладу, каб рэдактар незалежнай газэты адмовіў ці то чыноўніку, ці то палітыку з боку ўлады ў магчымасьці выказацца. Наадварот. Мы ня можам рабіць інтэрвію – яны баяцца. Калі нехта зь іх будзе вылучацца кандыдатам, і калі камусьці зь іх будзе што сказаць цікавае, мы із задавальненьнем дамо такую магчымасьць, і без грошай нават”.

Але вернемся да праекту Цэнтарвыбаркамісіі. Кіраўніцтва ЦВК Лідзія Ярмошына падкрэсьлiла, што калi нейкае недзяржаўнае выданьне пажадае “раскручваць” кандыдата, публікаваць пра яго матэрыялы, то камісія будзе прымаць адпаведныя захады, нават да адмены кандыдацкае рэгiстрацыi. Штрафныя санкцыi могуць быць скарыстаныя i да самаго выданьня. Вось што кажа пра гэтыя намеры віцэ-прэзыдэнт БАЖу Аляксандар Тамковіч…

(Тамковіч: ) “Па-першае, я лічу, што нейкія загады, якія будць прымацца на гэты конт, ня маюць ніякага дачыненьня да незалежнай прэсы. Нейкім чынам дыктаваць прыватным выданьням парадак асьвятленьня выбарчае кампаніі – гэта па-за рамкамі існуючага сёньня закона. Я лічу, што кожны з рэдактароў, кожнае выданьне будуць самастойна вызначацца, каго даваць на сваіх старонках, каго паказваць, які артыкул рабіць, і гэта ня мае ніякага дачыненьня да тых сродкаў, якія будуць вудаткаваныя кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў”.

Гэта было меркаваньне віцэ-прэзыдэнта БАЖу Аляксандра Тамковіча.

Варта распавесьці, што згодна з Выбарчым кодэксам, дзяржава выдаткоўвае кандыдатам у дэпутаты на правядзеньне выбарчае кампанii 50 мiнiмальных заробкаў. На сёньня гэта каля 120 даляраў ЗША паводле “чорнага” курсу.

На гэтыя грошы кандыдату неабходна правесьцi перадвыбарчую кампанiю ў выбарчай акруге, дзе жывуць больш за 60 тысячаў выбаршчыкаў.

Дарэчы, заўтра ж круглы стол на гэтую ж тэму пройдзе ў нямецкім адукацыйным цэнтры у штаб-кватэры місіі АБСЭ. Акрамя прадстаўнікоў дзяржаўных структураў, у ім возьмуць удзел і рэдактары незалежных выданьняў.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG