Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўніцтва Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту адмовілася сёньня мяняць рашэньне аб забароне сьвяточнага шэсьця з нагоды Дня Волі. Новы кіраўнік сталіцы Міхаіл Паўлаў прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці БНР сабраць людзей на пляцы Бангалёр і правесьці там мітынг.

На сустрэчу з новапрызначаным старшынём Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Паўлавым сёньня прыйшлі Вінцук Вячорка, Юры Хадыка, Анатоль Лябедзька й Мікола Статкевіч.

Афіцыйнай мэтаю гэтае размовы было вырашэньне пытаньня пра заўтрашнюю сьвяточную дэманстрацыю. Пасьля ўчорашняе сустрэчы з намесьнікам старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Віктарам Чыкіным і шэфам сталічнае міліцыі Барысам Тарлецкім зьявілася надзея, што пытаньне пра шэсьце будзе вырашана станоўча.

Учора спадар Чыкін прапанаваў апазыцыянэрам зарганізаваць дэманстрацыю з пляцу Якуба Коласа да пляцу Бангалёр, аднак без адпаведнага юрыдычна аформленага рашэньня. Арганізатары сьвяткаваньня з гэтай прапановаю не пагадзіліся, аднак спадзяваліся, што сёньня непасрэдны начальнік Чыкіна спадар Паўлаў прапануе больш прымальнае вырашэньне праблемы.

Аднак канструктыўных прапановаў ад старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту апазыцыйныя лідэры так і не пачулі. Міхаіл Паўлаў адрынуў усе папярэднія дамоўленасьці сваіх падначаленых і прапанаваў выконваць старое рашэньне выканаўчага камітэту – праводзіць мітынг “на Бангалёры”. Вось што распавёў нашаму радыё пасьля заканчэньня сустрэчы зь Міхаілам Паўлавым Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “На гэтай сустрэчы спадар Паўлаў спрабаваў правесьці рэклямную кампанію самога сябе. Гаварыў шмат пра канструктыў, але, калі гаварыць пра вынікі, – гэтага канструктыву ня вельмі багата. Што датычыць нас, то мы са свайго боку зробім усё, каб акцыя прайшла так, як яна прайшла 15 сакавіка – магутна і прыстойна. Каб людзі, якія прыйдуць у гэты дзень – мы ўсё ж-такі нясем за іх вялікую адказнасьць… Мы паспрабуем прадставіць такі мэханізм, каб пазьбегнуць правакацыяў”,

– паведаміў спадар Лябедзька.

Чаму ж улады пайшлі на самы канфрантацыйны з усіх магчымых варыянтаў? Вось як адказаў на гэтае Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Таму што баяцца народу”.

…і АнатольЛябедзька:

(Лябедзька: ) “У гэтай краіне прымае рашэньні толькі адзін чалавек. Мы можам сёньня сказаць, што адказнасьць за паводзіны гарадзкіх уладаў ляжыць пэрсанальна на Лукашэнку”,

– паведаміў спадар Лябедзька.

Тым ня менш, нягледзячы на ўсе забароны, арганізатары сьвяткаваньня Дня Волі гавораць, што шэсьце заўтра пачнецца, як і было абвешчана, а 12-й гадзіне з пляцу Якуба Коласа.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG