Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Прагу на сьвяткаваньне ўгодкаў утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі прыбылі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў.

Праграма знаходжаньня Івонкі Сурвіллы і Васіля Быкава ў Празе
насычаная сустрэчамі з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, пісьменьнікамі і журналістамі. Заплянаваныя і выступы ў простым эфіры чэскага тэлебачаньня.

“Я сёньня прымаю Вас як прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, але перакананы, што надыйдзе час, і вы будзеце афіцыйна прадстаўляць беларускую дзяржаву”. – Такімі словамі пачаў сустрэчу ў Камісіі міжнародных справаў чэскага парлямэнту яе старшыня Любамір Заралэк.

Дэпутат паведаміў пра захады, якія робіць чэскі парлямэнт у падтрымку беларускай дэмакратыі. Ён сказаў, што зусім нядаўна Беларусь наведала група чэскіх дэпутатаў, якія знаёміліся з сытуацыяй. Аднак гэта ня быў клясычны парлямэнцкі візыт. “Мы зараз ня бачым раўназначнага партнэра на беларускім баку.” – сказаў спадар Зааралэк.

Чэхія не прызнае гэтак званы Нацыянальны Сход у якасьці легітымнага парлямэнту. Сёньня чэскіх палітыкаў ў беларускім пытаньні – акрамя сытуацыі з правамі чалавека – цікавяць два аспэкты: ступень дэмакратычнасьці будучых выбараў і, ў сувязі з гэтым, пэрспэктывы апазыцыі, і пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў ў сувязі з верагодным абраньнем на пасаду расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Датычна першай тэмы Івонка Сурвілла абвергла меркаваньне, якое яшчэ йснуе ў некаторых заходніх палітыкаў, пра слабасьць беларускай апазыцыі. “Апазыцыя якраз не слабая, галоўная яе праблема ў тым, што яна ня можа дайсьці да народу з прычыны адсутнасьці доступу да прэсы,” – адзначыла Сурвілла.

Ацэньваючы беларуска-расейскія дачыненьні, Васіль Быкаў выказаў меркаваньне, што на працягу апошніх гадоў у Беларусі выпрацоўваюцца мадэлі таталітарызму, якія потым дзейнічаюць у Расеі.

Сёньня ж Івонка Сурвілла і Васіль Быкаў далі прэсавую канфэрэнцыю, якую наведалі больш як два дзесяткі журналістаў чэскіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі.

“Чаму Вы, спадар Быкаў, вырашылі пісаць на беларускай мове, хаця па-расейску і раней, і цяпер было больш прэстыжна?” – запыталася карэспандэнт часопісу “Тransition”. “Таму што гэта – адзіная мая родная мова,” – адказаў пісьменьнік.

Дарэчы, колькасьць пытаньняў пра моўную сытуацыю ў Беларусі зьдзівіла – некаторыя журналісты, выглядала, валодалі гэтай праблемай у дэталях. Васіль Быкаў ацаніў моўную сытуацыю як праяву нацыянальнай дыскрымінацыі беларусаў з боку, як ён выказаўся, “дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі”.

Івонка Сурвілла адзначыла, што дзень 25 сакавіка будзе адзначацца беларусамі па ўсім сьвеце, у сталіцах шмат якіх краінаў. Аднак, сталіцай Беларусі зьяўляецца Менск, і таму забарона ўладаў правесьці ў гэты дзень шэсьце яна, Старшыня Рады БНР, успрымае як абразу нацыянальнае годнасьці.

Заўтра Васіль Быкаў і Івонка Сурвілла возьмуць удзел ва ўрачыстай акадэміі ў гонар гадавіны ўтварэньня БНР, якая пройдзе ў памяшканьні Славянскай бібліятэкі.

Сяргей Навумчык

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG