Мінулае начы пасьля некалькіх гадзінаў, праведзеных у міліцэйскім пастарунку,
былі адпушчаныя “маладафронтаўцы”, якія ўвечары распаўсюджвалі налепкі-паведамленьні
пра сьяткаваньне Дня Волі.
Учора ўвечары былі затрыманыя міліцыяй 8 “маладафронтаўцаў”, якія распаўсюджвалі
налепкі з выяваю бел-чырвона-белага сьцяга на сінім фоне й надпісам “ДЗЕНЬ
ВОЛІ”. Першым затрымалі навучэнца вучэльні, непаўнагадовага жыхара пасёлку
Зялёны Віталя Падаляка. Гэта здарылася каля ўваходу ў мэтро на пляцы Перамогі.
Супрацоўнікі міліцыі Партызанскага РАУСу склалі на яго пратакол паводле
артыкулу 143 часткі 3 Адміністрацыйнага Кодэксу (разьвешваньне аб’яваў
на слупах, будынках і ў іншых не прадугледжаных дзеля гэтага мейсцах).
За гэтае правапарушэньне прадугледжаны штраф памерам адзін мінімальны заробак.
Віталь Падаляк распавёў “Радыё Свабода”:
(Падаляк: ) “Мяне павялі па нейкай вуліцы, завялі ў дворык, абшукалі.
Знайшлі ў заплечніку налепкі-улёткі. Пасьля мяне павялі ў апорны пункт,
мы ішлі хвілін 20. Перад уваходам у яго яны некалькі разоў ударылі мяне
гумовай дубінкай. Пасьля пасадзілі ў невялікую камэру. Там я праседзеў
поўгадзіны. Пасьля прыехала машына з партызанскага РАУС. Мяне туды загрузілі
і прывезьлі ў Партызанскі РАУС. Там склалі пратакол. Там я праседзеў тры
гадзіны. Я казаў, што я непаўнагадовы, прасіў, каб мне далі зрабіць адзін
тэлефонны званок, бо хацеў патэлефанаваць сваёй маці, але яны не дазволілі”.
Гаварыў Віталь Падаляк.
Яшчэ пяць маладафронтаўцаў трапілі гэтым вечарам у міліцэйскі пастарунак.
Супрацоўнікі Савецкага РАУСу затрымалі Рамана Бронава, Сяргея Касьцюкевіча,
Кастуся Дадзько й непаўнагадовых Міколу Сёмуху й Сяргея Жаўлакова. На гэтых
юнакоў міліцыянты таксама склалі пратаколы паводле артыкулу 143 Адміністрацыйнага
Кодэксу. Налепкі й грошы, якія былі ў хлопцаў, супрацоўнікі міліцыі пакінулі
сабе. “Маладафронтаўцаў” пяць гадзінаў трымалі ў пастарунку, толькі а другой
гадзіне ночы яны былі адпушчаныя. Непаўнагадовы Сяргей Жаўлакоў паведаміў
“Радыё Свабода”:
(Жаўлакоў: ) “Мяне з сябрам затрымалі за тое, што мы расклейвалі налепкі
каля дзевяці гадзінаў, адвезьлі ў Савецкі РАУС і там трымалі да другой
гадзіны ночы. Не далі патэлефанаваць дадому, хоць я аб гэтым прасіў. Маёй
маці паведамілі аб тым, што мяне затрымалі толькі каля гадзіны ночы. У
яе хворае сэрца, і яна была вымушаная ў такім стане ісьці каля трох кілямэтраў
уначы да Савецкага РАУСа пешкі, бо транспарт ужо не хадзіў. Міліцыянты
адмовіліся мяне прывезьці ці адпусьціць так. Учора нас там абражалі рознай
нецэнзурнай лаянкай і пагражалі фізычнай расправай. Казалі, што калі сустрэнуць
нас 25-га на гэтым мітынгу, дык заб’юць на месцы”.
Гаварыў Сяргей Жаўлакоў.
Старшыня Менскае раённае рады БНФ Юрась Зянковіч і непаўнагадовы “маладафронтавец”
Аляксандар Калантай былі затрыманыя ў мэтро на станцыі “Пляц Незалежнасьці”.
Іх завялі ў пастарунак лінейнага аддзелу мэтрапалітэну, склалі пратакол
і зканфіскавалі ўсе ўлёткі. Юрась Зянковіч паведаміў “Радыё Свабода”:
(Зянковіч: ) “Пасьля таго, як нас завялі ў пастарунак, нас там трымалі
каля палутара гадзінаў. За гэты час склалі пратакол аб правапарушэньні.
Пад час самой працэдуры падышоў начальнік гэтага пастарунку, старэйшы лейтэнант
міліцыі, і пачаў нам пагражаць. Ён сказаў, што на месцы Лукашэнкі, ён бы
выдаў закон, паводле якога ўсіх, хто наклейвае налепкі, закавалі б у кайданы
і прымусілі прыбіраць увесь горад. Са мной разам быў непаўналетні юнак.
Ягоным бацькам не патэлефанавалі, не паведамілі, дзе ён знаходзіцца, таму
гэта павінен быў рабіць я. Сёньня раніцай я размаўляў зь яго маці, яна
– у роспачы, яна баіцца далейшых рэпрэсіяў супраць яго ў навучальнай установе,
дзе ён вучыцца”,
– паведаміў Юрась Зянковіч.
Менская міліцыя, якая ўжо тры дні працуе ў гэтак званым рэжыме ўзмацненьня,
асаблівую ўвагу надае моладзі ў мейсцах, дзе зьбіраецца вялікая колькасьць
людзей. Таму, відаць, гэта не апошнія затрыманьні распаўсюднікаў улётак.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1