Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


26 сакавіка ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Як іхныя вынікі адаб’юцца на беларуска-расейскіх стасунках?

З выбарамі ў Расеі склалася парадаксальная сытуацыя: ніхто ня мае сумневу ў тым, хто будзе пераможцам. Хутчэй за ўсё, ужо 26 сакавіка (у самым крайнім выпадку – у другім туры) выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі стане прэзыдэнтам.

Парадокс палягае ў тым, што вядомае толькі прозьвішча пераможцы – Пуцін, але хто такі Пуцін, якую палітыку ён будзе праводзіць? – дакладных адказаў дагэтуль няма. Беларуская палітычная эліта назірае за падзеямі ў Расеі зь вялікай насьцярогаю.

Узьлёт Пуціна выглядае вельмі пагрозьлівым яшчэ й таму, што вельмі нагадвае беларускія падзеі шасьцігадовае даўніны. Тады беларусы таксама знайшлі сябе месію, збавіцеля ў “чалавеку ніадкуль”. Рэйтынг Лукашэнкі напярэдадні выбараў таксама за лічаныя месяцы вырас з нуля да завоблачных вышыняў; “народны” кандыдат у прэзыдэнты Беларусі гэтак жа, як і Пуцін, меў імідж “моцнага чалавека”, які разьбярэцца з усімі, з кім трэба. Дарэчы, тая ж “справа Бабіцкага” ў чымсьці нагадвае, толькі ў значна больш жахлівай форме, “справу Шарамета”. Нават у звычцы гойсаць па краіне Пуцін і Лукашэнка падобныя. (Адзінае, што Лукашэнка зьнішчальнікам не кіраваў. Ну ды й краіна меншая).

Але нельга не заўважаць і істотныя адрозненьні. У 1994 годзе Лукашэнка абяцаў змагацца з капіталізмам, душыць бізнэс, узнаўляць савецкія парадкі, выкараняць нацыяналізм, узнаўляць СССР. Што абяцаў, тое і робіць. І не ягоная, так бы мовіць, “віна”, што ня ўсё атрымліваецца. І што вельмі важна: электарат Лукашэнкі і раней, і зараз – гэта ў пераважнае бальшыні тыя, хто сумуе па савецкім часе, хто хоча назад у СССР.

А што абяцае Пуцін? Абяцае праз рэфэрэндум увесьці прыватную ўласнасьць на зямлю, гаворыць пра падтрымку бізнэсу й сярэдняй клясы, робіць намёкі пра магчымасьць уступу Расеі ў NATO…

Два тыдні таму ў “Московских новостях” быў прыведзены сацыялягічны аналіз электарату Пуціна. Дык вось, бальшыня тых , хто гатовыя аддаць яму свае галасы – прыхільнікі заходняй лібэральнай мадэлі разьвіцьця Расеі. Да таго ж, бальшыня насельніцтва – і прыхільнікі, і праціўнікі Пуціна – чакаюць, што ён павядзе Расею менавіта гэтым шляхам. Зразумела, чаканьні выбаршчыкаў могуць і ня спраўдзіцца, але адрозьненьні ад беларускае сытуацыі 1994 года навідавоку.

Можа, таму з насьцярогаю да Пуціна ставіцца ня толькі беларуская апазыцыя, але і ўлады. Размовы пра аб’яднаньні неяк сьціхлі. Камэнтуючы чуткі пра магчымасьць правядзеньня паседжаньня Вышэйшае рады хаўрусу Беларусі й Расеі да 26 сакавіка, Лукашэнка кісла адказаў, што Пуціну гэта непатрэбна. І дадаў, што да канца гэтага году новых інтэграцыйных прарываў чакаць ня варта. Падаецца, што нават з пункту гледжаньня беларускага інтэгратара зараз гульні ў аб’яднаньне сталі куды больш небясьпечнай справаю, чым раней.

Вельмі нэрвова рэагавалі беларускія ўлады на заяву Пуціна пра магчымасьць уступу Расеі ў NATO. Гэта, сапраўды, ня больш, чым намёк, але для Лукашэнкі, які вядзе асабістую “халоднаю вайну” з NATO, Альянс – “монстар”, а не магчымы хаўрусьнік. Сьмешна назіраць, як зараз беларускія дзяржаўныя газэты спрабуюць вучыць Пуціна, якая на самой справе пачвара – NATO.

Так што, нягледзячы на вонкавае падабенства, Лукашэнка не адчувае ў Пуціне “свайго”. А пэўныя рэвэрансы ў бок Пуціна афіцыйны Менск робіць таму, што падзецца няма куды.

Якімі будуць беларуска-расейскія стасункі пры Пуціне? Хутчэй за ўсё, інтэграцыйныя гульні стануць больш стрыманымі. Шанцы для Лукашэнкі сесьці ў Крамлі канчаткова зьніклі, а шанцы страціць дзяржаву значна падвысіліся.

З другога боку, наўрад ці пуцінская Расея захоча брутальна далучыць Беларусь да сябе. Гэта было б абвяшчэньнем глябальнага супрацьстаяньня Расеі з Захадам, чаго Пуцін наўрад ці хоча й на што наўрад ці пойдзе.

Хутчэй за ўсё, будзе ўзмацняцца кантроль з боку Расеі над дзяржаўным апаратам Беларусі, над “вэртыкальлю” і ў першую чаргу над сілавымі структурамі. Некаторыя назіральнікі выказваюць меркаваньні, што Крэмль можа пайсьці нават на замену кіраўніка Беларусі.

Але падаецца, што такі сцэнар верагодны толькі ў выпадку надта ўжо моцнага “пацяпленьня” стасункаў Беларусі з Захадам. Тады Лукашэнка, сапраўды, стане непатрэбным цяжарам для Масквы.

Хутчэй за ўсё, стасункі Расеі з Захадам будуць разьвівацца па формуле: “Крок наперад – крок назад”. Тады пэўная патрэба ў Лукашэнку для Расеі будзе захоўвацца. Да таго часу, пакуль у самой Беларусі не адбудуцца істотныя палітычныя зьмены.

Юры Дракахруст, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG