Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Група экспэртаў ААН правяла расьсьледаваньне парушэньня санкцыяў, якія былі ўпершыню ўведзеныя ў 1993 годзе супраць ангольскага сепаратысцкага руху УНІТА. Сярод урадаў, якія падазраюцца ў парушэньні ААНаўскага эмбарга: Баўгарыя, Расейская Фэдэрацыя, Украіна, Бэльгія, а таксама Беларусь. У чым жа абвінавачваюцца гэтыя краіны?

Група ў складзе прыблізна 40 экспэртаў пад кіраўніцтвам высокапастаўленага працаўніка ААН Робэрта Фоўлера з Канады працавала над гэтай справай амаль паўгады. Яе прадстаўнікі выяжджалі на месца ў Анголу, правялі дзясяткі інтэрвію з асобамі, якія ведаюць справу, правялі перамовы з урадамі тых краінаў, якія падазраюцца ў парушэньні санкцыяў, у тым ліку і з беларускім урадам. У выніку зьявіўся грунтоўны даклад на амаль 190 старонках, які падрабязна асьвятляе ўсе дэталі справы.

Але перш за ўсе трэба высьветліць: што гэта былі за санкцыі, на што яны распаўсюджваліся. Упершыню яны былі ўведзеныя ў 1993 годзе, пасьля таго, як УНІТА прайграла дэмакратычныя пад міжнародным кантролем выбары і ў адказ разьвязала новы этап грамадзянскай вайны.

Рада Бяспекі пастанавіла забараніць усялякія пастаўкі зброі на тэрыторыю Анголы, якая знаходзіцца пад кантролем УНІТы, забараніць усім краінам-сябрам ААН пастаўляць нафту і нафтапрадукты УНІЦе, а таксама забараніць пакупку ўсімі краінамі ААН дыямантаў, якія паходзяць з шахтаў, што кантралюцца ангольскімі сэпаратыстамі. У 1997 годзе, калі высьветлілася, што ўведзеныя санкцыі не прыносяць эфэкту, яны былі пашыраныя. У прыватнасьці, былі арыштаваныя ўсе банкаўскія рахункі УНІТы, пастаноўлена зачыніць усе яе замежныя прадстаўніцтвы, а таксама забаронена ўсім высокапастаўленым дзеячам УНІТы падарожнічаць за мяжу. Але і гэтыя сродкі на ход вайны аказалі даволі малы ўплыў.

І вось цяпер Рада Бяспекі вырашыла канкрэтна высьветліць: чаму ж санкцыі не працуюць?

Адна з галоўных прычынаў парушэньня санкцыяў, якую вылучаюць экспэрты ААН, - гэта надзвычай спрыяльная кан’юнктура на міжнародных рынках зброі. Ангольскія сэпаратысты патрабуюць ня самую сучасную зброю, а тую, якая пераважна здымаецца з узбраеньня арміяў краінаў былога Варшаўскага дагавору. Пасьля краху камунізму некаторыя посткамуністычныя краіны падобнай зброі маюць так шмат (тут у дакладзе вылучаюць перадусім Беларусь і Украіну), што яны на міжнародных рынках прадаюць яе значна ніжэй коштаў.

У дакладзе згадваецца выпадак з 1995 году, калі УНІТА закупіла 5 танкаў Т-64 па цане, якая складала менш за палову ад рэальнай рынкавай цаны. Пастаўка была ажыцьцёўленая праз Заір, але краіну, адкуль гэтыя танкі былі прывезеныя, так і не ўдалося ўстанавіць. Тое самае датычыць і паставак установак залпавага агню “Град” у 1996 годзе. Экспэрты, нягледзячы на даталёвае расьсьледаваньне, так і не змаглі знайсьці крыніцу, адкуль зброя была пастаўленая. Прычына: адмова некаторых урадаў ад супрацоўнітцва з экспэртамі ААН.

І тут перш за ўсе ў дакладзе згадваецца ўрад Беларусі. Беларускія ўлады адмовіліся прадставіць экспэртам ААН справаздачу пра беларускі гандаль зброяй за апошнія гады. Не згадзіліся паінфармаваць ААН пра лёс зброі, якую, паводле міжнародных дагавораў, Беларусь павінна была зьнішчыць. Не атрымалі экспэрты ААН і інфармацыю пра падрыхтоўку замежных вайскоўцаў у беларускіх ваенных школах.

У сувязі з адказам беларускага ўраду ўдзельнічаць у дыялёгу з ААН я папрасіў ваеннага экспэрта Сяргея Аніску пракаментаваць удзел Беларусі ў гандлі зброяй з краінамі Афрыкі. Вось ягоная думка:

(Аніска: ) “Беларускія сродкі масавай інфармацыі зьмяшчалі матэрыялы, якія адлюстроўваюць некаторыя аспэкты гэтага гандлю. У прыватнасьці, паведамлялася, што Судан купляў у Беларусі сыстэмы залпавага агню “Град”, Ангола – бронетранспартэры і сыстэмы залпавага агню “Смерч”, Алжыр – зьнішчальнікі МіГ, Руанда – гарматны ладунак. Ня выключана, што менавіта актыўны гандаль з афрыканскімі краінамі дазволіў Беларусі па выніках 1997 году апынуцца на ганаровым 9 месцы сярод краінаў-экспартэраў зброі. Але, ці магла беларуская зброя трапіць у краіны, дзе ідуць баявыя дзеяньні? Напрклад, у Анголу, дзе пажар вайны палае ўжо больш 25 гадоў?

На маю думку, магла. І не таму, што ўрад Беларусі наўмысна накіроўваў туды сваю зброю. Існуе іншы варыянт. Напрыклад, зброю, якую пастаўлялі паводле кантракту ў тую ж Уганду, маглі перапрадаць рэжыму Савімбі”.

Нягледзячы на гэткі значны ўдзел Беларусі ў міжнародным гандлі зброяй, беларускі ўрад надалей спрабуе гуляць у “маўчанку” з ААН у гэтай справе. Аднак расьсьледаваньне ААН далёка не закончанае. Тое, што цяпер абмяркоўвае Рада Бясьпекі – гэта толькі пачатак больш шырокага і дакладнага высьвятленьня.

Мікола Іваноў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG