Адкрыцьцём выставы сяброў мастацкае суполкі “Пагоня” дэмакратычная інтэлігэнцыя
краіны распачала сьвяткаваньне 82-х угодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі.
Гэтая традыцыя нарадзілася ў 1991 годзе. Тады й пазьней, пяць гадоў
запар, адкрыцьцё “пагоняўцамі” сваёй мастацкае выставы, прымеркаванае да
Дня Волі, нязьменна праходзіла ў самай вялікай выставачнай залі краіны
– Палацы мастацтваў.
Аднак з 96-га ў сяброў мастацкае суполкі з такою крамольнаю ва ўспрыняцьці
новых уладаў краіны назваю пачаліся праблемы. Дазвалялі выставу, але здымалі
з экспазыцыі палітычныя інсталяцыі, гратэскавы жывапіс публіцыстычнага
зьместу, карыкатурныя каляжы.
Юбілейную выставу да 80-годзьдзя БНР ў Палацы мастацтваў забаранілі
навогул. Летась – дазволілі, але не 25 сакавіка, а нашмат раней, каб не
ператваралася яна, як зазвычай, у грандыёзнае сьвята нацыянальнай інтэлігенцыі.
Гэткі ж самы прыём улада рукамі Міністэрства культуры скарыстала й сёлета:
фармальна самая вялікая штогадовая выстава “Пагоні” не забароненая, але
яе адкрыцьцё адсунутае ад сьвяточнае сакавіцкае даты на 20 дзён наперад.
Вось як тлумачыць гэтыя дзеяньні ўлады вядомы беларускі жывапісец і грамадзкі
дзяяч Аляксей Марачкін:
(Марачкін: ) “Кожны год уладныя структуры, а найперш гэта Мністэрства
культуры, робяць усё, каб не даць выставіцца мастакам суполкі “Пагоня”.
Яны на нас адпрацоўваюць свае тэхналёгіі. Так і сёлета выстава гэтая на
25 сакавіка не адбываецца – яна адсунутая на красавік месяц”.
Сказаў Аляксей Марачкін.
Зразумела, што ўлады ў пэўнай ступені дасягаюць свайго, але штогадовую
традыцыю “Пагоні” парушыць ім не ўдалося й сёлета. Сваю экспазыцыю да Дня
Волі мастакі разьмясьцілі ў сядзібе БНФ на вуліцы Варвашэні.
У экспазыцыі – графічныя выявы будынкаў, у якіх у 1918 годзе адбываліся
гістарычныя падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем Беларускае Народнае Рэспублікі.
Гэта – працы Віктара Сташчанюка. Тут жа вялікая мэмарыяльная дошка, якую
скульптар Алесь Шатэрнік адмыслова зрабіў, каб зьмясьціць яе на тым будынку,
у якім непасрэдна была абвешчана БНР. Зразумела, што гэтаму твору мейсца
не ў выставачнай экспазыцыі, а на адпаведнай будыніне, аднак усталяваць
яе там улады не даюць дазволу. Вельмі прыцягальныя для наведнікаў арт-эксклюзыўныя
каляжы Алега Карповіча, прысьвечаныя зьніклым дзеячам апазыцыі. А таксама
партрэт легендарнага Мірона ў мастацкім уяўленьні Аляксея Марачкіна, якое
падмацаванае паэтам Рыгорам Барадуліным: “Дрыжыце: і калхозны трон, і падхалімскія
капэлы, калі вывешвае Мірон сьцяг наш родны бел-чырвона-белы!”
Другі адрас, дзе сёньня беларуская інтэлігэнцыя таксама распачынае акцыю
да Дня Волі, – гэта вуліца Дзімітрава, 3. Гэта архітэктурны помнік, у якім
даўгі час былі мастацкія майстэрні, якія ўлада вырашыла выселіць без прадастаўленьня
новых памяшканьняў. Такі вось “падарунак” да Дня Незалежнасьці. Адмысловымі
мастацкімі сродкамі былыя ўжо ўладальнікі майстэрняў разьвітваюцца з будынкам,
у якім апрача творчых клопатаў яны за савецкім часам падпольна ладзілі
нацыянальныя сьвяты, у тым ліку й 25 сакавіка. Акцыя разьвітаньня завершыцца
ў гэты гістарычны дзень.
Валянціна Аксак, Менск