Прадпрымальнікі “Камароўскага рынку” вырашылі сёньня прадоўжыць змаганьне
за свае правы. У выпадку, калі гарадзкія ўлады ня выканаюць іхных патрабаваньняў,
25 сакавіка яны маюць намер паўтарыць акцыю пратэсту.
Сёньня на ініцыятыву прафэсійнага саюзу “Садружнасьць” на “Камароўцы”
адбыўся чарговы сход гандляроў, якія зь 1 красавіка мусяць зьехаць з тэрыторыі
кірмашу. Адная зь лідэрак прафэсійнага саюзу Кацярына Навумовіч абвясьціла
прадпрымальнікам, што лютаўскае рашэньне Менскага гарадзкога выканаўчага
камітэту аб ліквідацыі іхных працоўных месцаў пакуль застаецца ў сіле.
Аднак акцыя пратэсту 15 сакавіка, паводле ейнага меркаваньня, напужала
ўлады. Гэта засьведчыла ўчорашняя сустрэча лідэраў “Садружнасьці” з прадстаўнікамі
сталічнае мэрыі.
“Настроі ў іх зьмяніліся. Калі раней настроі былі жорсткія (“усё адсюль
прыбіраем, і бакалеі на “Камароўцы” ня будзе”), то зараз яны зразумелі
відавочную рэч. Што насельніцтва вельмі незадаволенае іхнымі дзеяньнямі.
І ня толькі адносна дня 15 сакавіка, калі мы праводзілі папераджальны страйк.
“Камароўскія” пакупнікі, наколькі мне вядома, замучылі чыноўнікаў тэлефанаваньнямі.
Карацей кажучы, яны дасьпяваюць да таго, што “Камароўка” ня можа застацца
без бакалеі. У горадзе пачнецца рэвалюцыя пасьля таго, як зьнікне бакалея”,
– паінфармавала ўдзельнікаў сходу Кацярына Навумовіч.
Гарадскія ўлады зьвярнуліся да прадпрымальнікаў з прапановаю пашукаць
кампраміснае рашэньне. Паводле словаў Навумовіч, гэтая ініцыятыва зыходзіць
ад новага кіраўніка лукашэнкавай “вэртыкалі” ў Менску Міхала Паўлава.
Разам з тым, гандляры не выключаюць, што зьмякчэньне пазыцыі Менскага
гарадзкога выканаўчага камітэту – ня болей чым гульня. І скіраваная яна
на нэйтралізацыю прадпрымальніцкага пратэсту. Яшчэ адная лідэрка “Садружнасьці”
Мая Сінайская паведаміла сходу, што выканаўчы камітэт паседжаньні 17 сакавіка
не задаволіў заяўкі прадпрымальнікаў на правядзеньне 25 сакавіка масавых
акцыяў пратэсту – шэсьця ад “Камароўкі” да сквэру Янкі Купалы й гандлёвага
кірмашу ў гэтым сквэры. Гандлярам, паводле рашэньня ўладаў, прапанавана
25 сакавіка абмежавацца мітынгам на пляцы Бангалёр. Адначасова зь мітынгам
прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі.
Сёньня сход палічыў заўчасным плянаваць паводзіны ў гэты дзень. Як засьведчылі
дыскусіі гандляроў, гэта будзе залежаць ад рашэньня ўладаў у бліжэйшыя
дні.
(Гукавая застаўка. Гучаць галасы: “Мы чакаем рашэньня прэзыдэнта”, “Мы
чакаем адказу на нашу праблему”, “Але ці дачакаемся?”)
Прадпрымальнікі вырашылі вярнуцца да пытаньня арганізацыі акцыяў пратэсту
напярэдадні 25 сакавіка. Жыхар Менску й сталы наведвальнік “Камароўкі”
Яўген Кузьміцкі цяперашнія падзеі на гэтым кірмашу пракамэнтаваў наступным
чынам:
(Кузьміцкі: ) “Разуменьне такое, што ў каго грошы, той і рулюе. А грошы
ў вярхах. Яны завалодалі Камароўкай, за месца па 700 даляраў у месяц –
хто ж гэта заплаця? Толькі той, хто круціца па сур’ёзнаму”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, падзеі на Камароўцы праходзяць у рэчышчы
агульнапалітычных падзеяў у Беларусі ці не?”
(Кузьміцкі: ) “Яны не палітычныя, яны – бытавыя. Эканоміка. А да палітыкі
гэта дойдзе, дзе ж ты дзенесься, жыць жа трэба. Працоўнага месца няма,
вось і выходзіць, што пойдзеш на плошчу са сьцягамі…”
– зазначыў шэраговы спажывец “камароўскіх” тавараў Яўген Кузьміцкі.
Міхал Стэльмак
Самае папулярнае
1