На запрашэньне грамадзкай арганізацыі “Unga Ornars Riksforbund” на дзесяцідзённы
адпачынак у Швэцыю накіравалася група дзяцей беларускіх палітзьняволеных.
Разам са швэдзкімі калегамі гэтую паездку зарганізавала грамадзянская ініцыятыва
“Хартыя-97”.
У Швэцыю запрошаныя дзеці Андрэя Клімава, Уладзімера Кудзінава, Міколы
Статкевіча ды іншых апазыцыянэраў, што ў свой час пацярпелі ад уладаў,
а таксама ўнукі Валерыя Шчукіна (усяго 10 чалавек). Суправаджаюць дзяцей
у паездцы жонкі зьняволеных дэпутатаў Вярхоўнага Савету Кудзінава й Клімава.
Дзеці беларускіх палітычных вязьняў будуць адпачываць у невялікім мястэчку
Ліксэль, дзе для іх падрыхтаваная багатая вучэбная, культурная й спартовая
праграма. Усе выдаткі пад час знаходжаньня дзяцей у Швэцыі ўзяла на сябе
праваабарончая арганізацыя “Unga Ornars Riksforbund”.
Цікава, што апошнім часам Швэцыя выяўляе вельмі вялікі інтарэс да падзеяў
у Беларусі. Варта ўзгадаць хаця б нядаўні візыт у гэтую краіну групы апазыцыйных
беларускіх палітыкаў, якіх прымалі на даволі высокім узроўні, ці акцыю
падтрымкі беларускае дэмакратыі “STOP LUKA”, якую распачалі 16 сакавіка
актывісты ўплывовае швэдзкае Сацыял-дэмакратычнае рабочае партыі.
Вось меркаваньне адносна швэдзкае дапамогі беларускім апазыцыянэрам
актывіста “Хартыі-97” Зьміцера Бандарэнкі:
(Бандарэнка: ) “Швэцыя – адна зь нешматлікіх эўрапейскіх краінаў, якая
пасьлядоўна займаецца пытаньнямі абароны правоў чалавека ў Беларусі. Вядома,
што нядаўна адбыўся візыт беларускай апазыцыйнай дэлегацыі ў Швэцыю, які
быў таксама заарганізаваны Хартыяй-97. І зараз мы вядзем перамовы, і магчыма
яшчэ летам будуць паездкі дзяцей палітзьняволеных,”
– паведаміў спадар Бандарэнка.
Дарэчы, гэта ня першая акцыя “Хартыі-97” У адпраўцы дзяцей беларускіх
палітычных зьняволеных на адпачынак за мяжу. Летась актывісты “Хартыі”
разам з рэдакцыяй “Gazety Wyborczej” зарганізавалі паездку дзяцей вязьняў
у Польшчу. Сёлетні адпачынак у Швэцыі будзе працягвацца да 31 сакавіка.
Альгерд Невяроўскі
Самае папулярнае
1