Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Калі сацыёлягі папрасілі рэспандэнтаў параўнаць Пуціна зь якой-небудзь жывёлай, большасьць назвалі або “лісу”, або “ваўка”. Карэспандэнт Associated Press паведамляе, што рэспандэнты пры гэтым вызначылі якасьці гэтых жывёлаў – хітрасьць, уніклівасьць і небясьпечнасьць. Днямі ў маскоўскім выдавецтва “Вагрыус” зьявілася кніга “Ад першай асобы. Размовы з Уладзімерам Пуціным”. З аглядам – Сяргей Навумчык.

Паводле прызнаньня аўтараў – трох маскоўскіх журналістаў – яны гутарылі з Пуціным шэсьць разоў. Пераважна іх цікавілі не палітычныя погляды, а раней невядомыя факты ягонай біяграфіі, тое, што засталося “за кадрам” біяграфіі афіцыйнай.

“Пра родых бацькі я ведаю болей, чым пра родных маці, – так пачынае Пуцін сваё інтэрвію. – Дзед нарадзіўся ў Пецярбурзе і працаваў кухарам. Самая простая сям’я была. Ну што, кухар і кухар. Але, відаць, добра гатаваў, таму што пасьля першай сусьветнай вайны яго запрасілі на працу ў падмаскоўныя Горкі, дзе жыў Ленін, і ўся сям’я Ўльянавых”.

Пра тое, у каго пасьля сьмерці Леніна працаваў дзед цяперашняга выканаўцы абавязкаў расейскага прэзыдэнта, крыху пазьней, а пакуль – пра адну з асаблівасьцяў біяграфічнага жанру.

Біяграфіі палітыкаў ўмоўна можна падзяліць на дзьве катэгорыі.

Першыя – тыя, хто паступова ішоў да сваёй славы, і, не пераскокваючы праз прыступкі кар’еры, паступова ўздымаўся ўсё вышэй і вышэй. Да прыкладу, такой была біяграфія сэра Ўінстана Чэрчыля – журналіст, член парламэнту, міністар, прэм’ер-міністар. Да таго як узначаліць брытанскі ўрад, Чэрчыль ўжо быў добра вядомы ў сваёй краіне.

І гэта тлумачыцца тым, што, перш чым дасягнуць вышыні, палітык павінен на працягу часу “прасьвечвацца” грамадзтвам.

А ёсьць іншыя біяграфіі – тых, хто стаў вядомы дзякуючы ўдзелу ў нейкай выбітнай гістарычнай падзеі ці – у выніку нябачнай, але затое добра падрыхтаванай камбінацыі – напрыклад, вайсковага перавароту ці раптоўнай сьмерці манарха.

Біяграфія Пуціна – менавіта з такой катэгоры. Як вынікае з кнігі, самы прыкметны эпізод да моманту ягонага прызначэньня прэм’ерам – гэта тое, як некалькі гадоў таму гарэла ягонае лецішча, і як Пуцін выратоўваўся з вогнішча. Дарэчы, потым яму ўдалося коштам майстэрні, якая не паводле правілаў склала комін, “прымусіць” адбудаваць сабе яшчэ лепшы дом. Пры гэтым незразумела, ці было гэтае “прымусіць” вынікам судовага рашэньня, альбо – нейкага іншага спосабу. У кожным разе, у Расеі, дзе жонкі пагінулых вайскоўцаў месяцамі не атрымоўваюць пэнсіі, – унікальны выпадак.

Дык ці можна знайсьці ў новай кнізе адказ на пытаньне, чаму менавіта – Пуцін? Падобна, што самі аўтары ня мелі такой мэты, аднак падалі достаткова матэрыялу для высноваў.

Вось для прыкладу – як Пуцін, былы супрацоўнік рэзэдэнтуры КГБ у ГДР, ставіцца да таго, што ягоныя калегі зь міністэрства дзяржаўнае бясьпекі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ажыцьцяўлялі рэпрэсіі? “Так, напэўна, былі сярод супрацоўнікаў МГБ і гэткія, хто займаўся рэпрэсіямі. Я гэтага ня бачыў. Не хачу сказаць, што гэтага не было. Проста я гэтага ня бачыў,” – кажа герой гнігі.

Кніга складзеная з інтэрвію ня толькі з Пуціным, але і зь ягонай жонкай, з дачкамі, з сябрамі і з былой школьнай настаўніцай. Але найбольш красамоўныя харктарыстыкі Пуцін дае сабе сам. “Я ж хуліган быў, а не піянэр… Я на самой справе быў шпаной,” – гэта пра свае школьныя гады.

Альбо вось яшчэ:

“Да таго, як скончыў школу, у мяне ўзьнікла жаданьне працаваць у разьведцы. .. Каб даведацца, як робяцца разьведчыкамі, я недзе на пачатку 9 клясы схадзіў у прыёмную КГБ. Да мяне выйшаў нейкі дзядзька. Як ня дзіўна, выслухаў мяне. “Хачу, – кажу, – у вас працаваць”. – “Добра, але ёсьць некалькі момантаў”. – “Якіх?” –“Па-першае, мы ініцыятыўнікаў не бярэм. Па-другое, да нас можна трапіць толькі пасьля арміі альбо якога-небудзь грамадзянскага ВНУ”. Я, натуральна, пацікавіўся: “Пасьля якога ВНУ?” Ён кажа: “Пасьля любога”. Ён, відаць, ужо жадаў ад мяне адвязацца. А я кажу: “А якому аддаюць перавагу?” – “Юрыдычнаму!” – “Зразумеў”. І з гэтага моманту пачаў рыхтавацца на юрфак Ленінградскага ўнівэрсытэту. І ужо ніхто ня мог мяне спыніць”.

Як бачым, яшчэ ў школе Пуцін марыў служыць у разьведцы, і шмат гадоў пазьней пацьверджаньне правільнасьці абранага шляху яшчэ раз знайшоў у размове з Кісэнджэрам, які, нібыта, заявіў Пуціну, што “усе прыстойныя людзі пачыналі ў разьведцы”.

Пуцін, безумоўна, лічыць сябе прыстойным чалавекам – ён пачаў у КГБ, у КГБ і застаўся. Вось як ён гаворыць пра падзеі 90-году:

“Я із задавальненьнем пайшоў “пад дах” Ленінградскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту ў разьліку напісаць кандыдацкую дысэртацыю, паглядзець, як там і што, і, магчыма, застацца працаваць у ЛГУ. Так у 90-м годзе я стаў памочнікам рэктара ўнівэрсытэту па міжнародных сувязях. Як у нас казалі, працаваў у дзеючым рэзэрве”.

Зразумела, што “у нас” – гэта значыць у КГБ.

Не прайшло і году пасьля зьяўленьня Пуціна ва ўнівэрсытэце – і ён ужо пад новым “дахам”. Гэтым разам – у якасьці памочніка мэра Сабчака, які ў той час увасабляў надзеі расейскіх дэмакратаў. Прычым з КГБ Пуцін ня звольніўся. “Мае начальнікі – людзі даволі тонкія, разумелі сытуацыю – не рабілі мне аніякіх умоваў. Таму, хаця фармальна я лічыўся ў ворганах бясьпекі, у будынку ўправы ніколі не зьяўляўся”.

Такім чынам, нават працуючы спачатку памочнікам Сабчака, а потым і віцэ-мэрам – Пуцін заставаўся дзейным афіцэрам КГБ. “Я працягваў атрымліваць у іх зарплату. Якая, дарэчы, была болей, чым у Ленсавеце,” – дадае Пуцін.

Пасьля няўдачы Сабчака на выбарах Пуцін не пажадаў працаваць з новым мэрам, сыйшоў у адстаўку, і гэта падаецца як маральны ўчынак. І сапраўды – Пуцін ня здрадзіў Сабчаку. Не “здаваў” ён, як выглядае з біяграфіі, і іншых асобаў, якім сам давяраў. Гэта сапраўды вартая чалавечая якасьць – ня здраджваць.

Але найперш Пуцін застаўся верным КГБ.

“Памятаю, Сабчак паведаміў мне пасьля путчу, што ў нас ФСК ўзначаліць дэмакрат. Мне гэта зусім не спадабалася. Хаця да самога Сабчака я ставіўся з сымпатыяй. Але тут…. Міліцыянт нейкі…. У нас, у ЧК, заўсёды міліцыянтаў не любілі. Да таго ж чалавек, які ніколі ня меў адносінаў да ворганаў бясьпекі…. Трывожна зрабілася. Памятаеце, у якой сытуацыі апынуліся тады ворганы бясьпекі? На гэтай хвалі імкнуліся ламаць, разьдзіраць, прапаноўвалі адкрыць сьпісы агентуры, рассакрэціць справы. А Сьцяпашын павёў сябе зусім нечакана. Фактычна, ён сваім дэмакратычным аўтарытэтам прыкрыў спэцслужбы Ленінграда”.

Пуцін застаўся верным арганізацыі, якая “вяла” ленінградзкага школьніка, “шпану”, па прыступках кар’ернай лесьвіцы і, ўрэшце, вывела яго на самую вышыню палітычнага Алімпу. Магчыма, гэтая адднасьць – і ёсьць тая самая галоўная якасьць Пуціна, і менавіта ў ёй – тлумачэньне імклівага кар’ернага ўзьлёту.

Пад час вайны бацька Пуціна служыў у “зьнішчальным батальёне НКВД”. Але, магчыма, Пуцін – чэкіст ня ў другім, а, нават, ў трэцім пакаленьні.

“Калі Ленін памёр, – распавядае Пуцін, – дзеда перавялі на дачу Сталіна, і ён там доўга працаваў”.

Сяргей Навумчык, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG