Экспэрты Інстытуту крыміналістыкі пацьвердзілі словы Міхала Чыгіра пра
тое, што подпіс у статутных дакумэнтах фірмы “Каруна”, якая мела дачыненьне
да справы пра зьнікненьне мільёну даляраў з рахунку “Белаграпрамбанку”,
належыць не яму. Міхал Чыгір не выключае, што замест яго дакумэнты падпісалі
нядобрасумленныя бізнэсмэны.
Справа супраць экс-прэм’ера Міхала Чыгіра папоўніліся адразу некалькімі
цікавымі дакумэнтамі. Па-перашае, зь інстытуту крыміналістыкі суд атрымаў
заключэньне экспэртаў адносна подпісу ў статутных дакумэнтах камэрцыйнае
фірмы “Каруна”, якая фігуруе ў эпізодзе пра мільён даляраў, што зьніклі
ў Канадзе.
Сьледзтва сьцьвярджала, што подпіс належыць Міхалу Чыгіру, і на гэтае
падставе падазравала Чыгіра ў падтрымцы фірмы, якая быццам бы мела дачыненьне
да зьнікненьня грошай банку.
Міхал Чыгір, як вядома, гэтыя абвінавачваньні адрынае. Ён сьцьвярджае,
што ніколі ня быў сузаснавальнікам “Каруны” й ніколі ня ўдзельнічаў у сходах
гэтага акцыянэрнага таварыства. Адвакаты Чыгіра двойчы ставілі пытаньне
адносна правядзеньня экспэртызы й нарэшце свайго дамагліся. Цяпер дакладна
вядома, што ў дакумэнтах “Каруны” подпісаў Чыгіра няма. Ён лічыць, што
сьледчыя, даказваючы ягоную сувязь з “Карунаю”, яўна выдавалі пажаданае
за рэчаіснае. Што тычыцца падробкі подпісу, Міхал Чыгір мяркуе, што гэта
зрабілі нядобрасумленныя бізнэсмэны.
(Міхал Чыгір: ) “Я лічу, што гэтыя фірмачы, якія заснавалі фірму “Каруна”,
для прэстыжу хацелі ўсім гаварыць і паказваць, што ў іх у ліку заснавальнікаў
– старшыня Беаграпрамбанку, буйнейшага банку рэспублікі. А я ніякіх дакумэнтаў
не падпісваў. Усе ж далі паказаньні, што я ў сходах удзелу не прымаў, што
я ніякіх дывідэнтаў там не атрымоўваў”.
(Карсэпандэнт: ) “У Вас няма жаданьня зь імі разабрацца?”
(Міхал Чыгір: ) “Тут акрамя іх ёсьць шмат з кім разьбірацца. Будзем
разьбірацца з Гародняй. Як гэта машыны пакралі, а цяпер хочуць, каб я грошы
за гэтыя машыны заплаціў?”
Факты, што датычаць зьнікненьня ў Гародні 15–ці джыпаў, купленых у 1993
годзе на крэдыт “Белаграпрамбанку”, сёньня таксама дадаткова вывучаліся
ў судзе. Сьведка Мікалай Пацееў назваў прозьвішчы сямі жыхароў гораду,
якія, паводле ягоных дадзеных, карыстаюцца гэтымі джыпамі коштам у 30 тысячаў
кожны, не заплаціўшы ані цэнта.
Цікава, што сьведка ведае прозьвішчы гэтых людзей, а вось сьледчыя ворганы
Гародні не зрабілі нічога, каб выявіць уладальнікаў машынаў і вярнуць грошы
або джыпы фірме-прадаўцу, а потым банку.
Міхал Чыгір не выключае, што гэта адбылося невыпадкова, што нехта з
уплывовых сілавікоў Гарадзенскае вобласьці быў зацікаўлены у тым, каб зьніклыя
машыны не шукалі. Сёньня прозьвішчы людзей, замешаных у гэтай афэры, былі
названыя. Цяпер застаецца чакаць, як на гэтыя факты адрэагуе суд.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1