Намер адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка “пры любых абставінах” аб’яднаная
апазыцыя пацьвердзіла й на прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася пасьля сканчэньня
паседжаньня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту.
Лідэры апазыцыі выказалі сваё абурэньне сёньняшнім рашэньнем сталічных
уладаў. “Марш Свабоды – 2”, на іхную думку, не даваў для такога рашэньня
аніякіх падставаў. Віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных
саюзаў Віктар Івашкевіч, які адказваў за захаваньне ўдзельнікамі “Маршу”
грамадзкага парадку, назваў аргумэнты гарадзкога выканаўчага камітэту абсурднымі.
“Пасьля заканчэньня мітынгу 15 сакавіка, – паведаміў ён, – падпалкоўнік
Гірэль, што кіраваў міліцэйскімі сіламі, ад імя праваахоўчых ворганаў выказаў
мне афіцыйную падзяку”. Істэрычныя паводзіны ўладаў, паводле словаў Віктара
Івашкевіча, выкліканыя страхам. З моманту масавых акцыяў красавіка 91-га
году, цяперашні Марш Свабоды, сказаў Івашкевіч, быў самым людным, і ўлады
баяцца, што 25 сакавіка адзначыць Дзень Волі прыйдзе яшчэ больш.
Старшыня выканаўчага камітэту Аб’яднанае грамадзянскае партыі Яўген
Лабановіч давёў да ведама журналістаў, што Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
прыняў рашэньне ў парушэньне дзейнага заканадаўства. Закон аб мітынгах
і шэсьцях, – сказаў ён, – гаворыць толькі пра чатыры чыньнікі, на падставе
якіх можна было забараніць заплянаваныя на 25 сакавіка масавыя акцыі:
“Першае – калі ў заяўцы наўпрост сказана, што гэтая акцыя скіраваная
на зрынаньне йснуючага ладу. Другое – што скіравана на распальваньне расавае
нянавісьці. Трэцяе – нянавісьці нацыянальнай і рэлігійнай. Чацьвертае –
распальваньне сацыяльнае варожасьці. Але Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
забараніў шэсьце, не спасылаючыся ні на адзін з гэтых чыньнікаў.
Апроч таго, закон не дазваляе зьмяняць фармат акцыі. Калі заяўленыя
шэсьце й мітынг, то ўлады маюць права мяняць маршрут і месца правядзеньня.
Калі фарматам зьяўляецца шэсьце й мітынг, то павінны быць дазволеныя шэсьце
й мітынг”, – зазначыў Яўген Лабановіч.
Апроч таго, ён зьвярнуў увагу й на такі праўны чыньнік сёньняшняга разгляду
заявак апазыцыі ў Менскім гарадзкім выканаўчым камітэце. Калі, як гаворыцца
ў ягоным рашэньні, арганізатары “Маршу Свабоды” не выканалі сваіх дамоўленасьцяў
з уладамі пад час акцыі, то іх варта было пакараць. У адпаведнасьці з заканадаўствам.
Аднак, – сказаў Лабановіч, – сёньня ў гарадзкім выканаўчым камітэце з боку
кіраўніцтва менскае міліцыі на чале з Барысам Тарлецкім не было аніякіх
нараканьняў да апазыцыі.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1