Беларускі ўрад распачаў барацьбу зь нелегальнай міграцыяй. У
хуткім часе замежнікі ня змогуць праехаць у краіны СНД празь Беларусь без
транзытнае візы.
Пагадненьне пра ўзаемнае прызнаньне візаў было падпісанае краінамі СНД
у 1992 годзе ў Маскве. Згодна з гэтым дакумэнтам любы замежнік, які мае,
да прыкладу, расейскую ці ўзбэцкую візу, можа свабодна праехаць праз тэрыторыю
Беларусі. Аднак летась некалькі краінаў СНД, у тым ліку й Расея, вырашылі
выйсьці з пагадненьня ці прыпыніць у ім свой удзел.
Паводле словаў прэсавага сакратара МЗСу Мікалая Барысевіча, гэта было
зроблена ў рамках барацьбы зь нелегальнай міграцыяй. Что тычыцца Беларусі,
то рашэньне ўраду было прынятае ня толькі ў адказ на прыпыненьне ўдзелу
ў пагадненьні іншых краінаў, але й таксама дзеля таго, каб спыніць плынь
нелегальных мігрантаў.
У Беларусі гэтая праблема ўжо набыла вялічэзныя маштабы. Толькі ў мінулым
годзе й толькі паводле афіцыйных зьвестак было выяўлена каля 100 тысячаў
нелегальных мігрантаў. Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, значную ролю адыграла
адкрытая мяжа з Расеяй. Дарэчы, адсутнасьць усходняй мяжы Беларусі прывяла
й да значнага павелічэньня транзыту наркотыкаў – некалькі гадоў таму гэта
афіцыйна прызнавалі нават адмыслоўцы Міністэрства нутраных справаў.
Цяжка сказаць, наколькі эфэктыўным у сэнсе барацьбы зь нелегальнай міграцыяй
будзе прыпыненьне ўдзелу Беларусі ў пагадненьні аб узаемным прызнаньні
візаў. Цяпер замежнікі, якія захочуць праехаць празь Беларусь у дзяржавы
СНД, павінныя будуць аформіць транзытную візу. Пакуль невядома, калі гэты
парадак будзе ўведзены ў дзеяньне. Урад мае намер абвесьціць пра гэта ў
бліжэйшы месяц-паўтары.
Ганна Навумовіч, Менск
Самае папулярнае
1