Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адбылася сустрэча арганізатараў “Маршу Свабоды – 2” з прадстаўнікамі сталічных уладаў, пад час якой вырашаліся тэхнічныя моманты правядзеньня акцыі. У выніку ўлады і апазыцыянэры прыйшлі да згоды фактычна ва ўсіх пытаньнях правядзеньня “Маршу”.

У гэтай сустрэчы бралі ўдзел арганізатары “Маршу Свабоды” Зьміцер Бандарэнка й Віктар Івашкевіч, а з боку ўладаў – намесьнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Віктар Чыкін і намесьнік начальніка менскае міліцыі Сяргей Саланец.

Яны агледзелі месца правядзеньня акцыі – асфальтавую пляцоўку ля пляцу Бангалёр – каб пераканацца, што яна прыдатная для акцыі з удзелам вялікае колькасьці людзей. Спадары Чыкін і Саланец запэўнілі арганізатараў “Маршу”, што 15 сакавіка на пляцоўцы будзе ўсё неабходнае дзеля правядзеньня мітынгу…

Так, Чыкін паабяцаў, што там пабудуюць сцэну, падключаць электрычнасьць і забясьпечаць арганізатараў гукаўзмацняльнай апаратураю. Палкоўнік Саланец мусіць узяць на сябе адказнасьць за бясьпеку ўдзельнікаў “Маршу Свабоды”.

Паводле словаў актывіста “Хартыі-97” Зьміцера Бандарэнкі, арганізатараў у прынцыпе задавальняюць такія ўмовы правядзеньня акцыі, і таму яны не настойвалі на арганізацыі мітынгу ў цэнтры Менску. Гаворыць Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Быў бы варыянт ісьці на плошчу Незалежнасьці, гэта былі б сутыкненьні. У параўнаньні зь мінулым разам мы лічым гэта крокам наперад. Прычым, мы лічым, што паспрыяў ліст спадара Віка. АБСЭ прапаноўвала свае паслугі ў пасярэдніцтве для правядзеньня сустрэчы гарадзкіх уладаў з арганізатармі Маршу Свабоды-2. Улады часткова пайшлі нам насустрач, мы ў чымсьці пайшлі ім насустрач, ну і лічым, што гэта нармалёва,”

– паведаміў спадар Бандарэнка.

Арганізатары “Маршу Свабоды – 2” таксама задаволеныя дазволам уладаў на правядзеньне шэсьця. Нагадаю, што ўчора гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў ініцыятарам “Маршу” правесьці калёну дэманстрантаў па праезнай частцы праспэкту Скарыны, а таксама вуліцаў Сурганава і Багдановіча да месца мітынгу й рок-канцэрту, які скончыцца а 22-й гадзіне ўвечары. Удзельнік сёньняшняе сустрэчы Зьміцер Бандарэнка гаворыць, што атрыманьне гэтага дазволу ёсьць маленькай перамогаю апазыцыі. На ягоную думку, “Марш Свабоды” павінен прайсьці цывілізавана, як і належыць акцыі ў падтрымку перамоўнага працэсу. Працягвае Зьміцер Бандарэнка…

(Бандарэнка: ) “Нас задавальняе месца збору – Плошча Якуба Коласа. Нас задавальняе рух па праспэкце Скарыны і Сурганава. Таму што Марш – гэта самае галоўнае, і ў параўнаньні зь мінулым разам, калі нам дазволілі толькі мітынг на пл. Бангалёр і зараз таксама гэта папаноўвалі, я лічу, што гэта нашая перамога. Гэта першы крок. І мы нагадваем, што гэта – першая масавая акцыя вясны, і яна павінна прайсьці нармалёва, кампрамісна. Можа быць і буйная, радыкальная акцыя, якая ставіць на мэце перамовы. Я думаю, што ўлады зрабілі высновы, і ўжо мы зь імі размаўлялі, маючы за сьпіной сілу першага Маршу”.

Гэта быў адзін з арганізатараў “Маршу Свабоды-2” сп.Бандарэнка.

Прадстаўнікі апазыцыі таксама лічаць, што ва ўладаў проста не было іншага выйсьця, як дазволіць акцыю. Бо ў іншым выпадку “Марш Свабоды” мог набыць канфрантацыйны характар, як гэта было 17 кастрычніка летась. А такі варыянт разьвіцьця падзеяў, на думку арганізатараў “Маршу”, цяпер уладам не патрэбны, асабліва пасьля абвяшчэньня пачатку грамадзкага дыялёгу.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG