Міжнародны Інстытут Прэсы (МІП) апублікаваў сёньня сваю штогадовую справаздачу
аб свабодзе слова ў 165 краінах сьвету. Найбольшай пагрозай свабодзе слова
названыя вайсковыя канфлікты – і тут на першым месцы былая Югаславія, а
таксама расейская вайна ў Чачні. Трэцяй ідзе мірная Беларусь.
“Незалежнае радыё і тэлебачаньне ў Беларусі даўно расьціснутыя. Перасьлед
супраць незалежных СМІ не спыняецца. Незалежныя СМІ ў Беларусі загнаныя
ў кут”.
Так адкрываецца прысьвечаны Беларусі разьдзел. Разьдзел, дзе зьмешчаная
гэтая глава, азагалоўлены “Эўрапейская ілюзія свабоды сродкаў масавай інфармацыі”.
Ў Беларусі ўлады выкарыстоўваюць старыя і новыя мэтады ўціску незалежных
журналістаў. Ужываюцца такія добра вядомыя спосабы як афіцыйныя папярэджаньні,
адмова ў прадстаўленьні інфармацыі, умяшальніцтва ў друкарнях, арышты,
запалохваньне і зьбіцьцё, а таксама – новыя сродкі, напрыклад, патрабаваньне
перарэгістрацыі.
Міжнародны Інстытут Прэсы* пералічвае некаторыя факты перасьледу незалежнага
друку. У сакавіку летась газэта “Згода” была абвінавачаная Дзяржаўным Камітэтам
у справах прэсы ў закліку да зьвяржэньня ўлады, бо надрукавала дакумэнты
няйснуючага, на думку уладаў, воргана – Цэнтральнай выбарчай камісіі пад
кіраўніцтвам Віктара Ганчара. Шэсьць незалежных газэтаў атрымалі падобнае
папярэджаньне. У адказ рэдактары выступілі з адкрытым лістом на імя старшыні
Вышэйшага эканамічнага суду Ўладзімера Бойкі.
“Нам няма чаго спадзявацца, у нас няма гарантыяў, нашыя правы і свабоды
не абароненыя, мы жывем і працуем ва ўмовах, дзе не йснуе закону,” – цытуе
МІП ліст рэдактараў.
Сярод іншых прыкладаў перасьледу свабоды слова ў Беларусі згадваецца
судовы зыск дзяржсакратара Віктара Шэймана да газэты “Навіны”, які прывёў
да спыненьня выданьня, цяжкасьці з рэгістрацыяй “Народнай Волі”, зьбіцьцё
трох сябраў БАЖу баевікамі фашыстоўскай арганізацыі РНА ў лютым летась,
і зьбіцьцё паэта, супрацоўніка “Нашай Нівы” Славаміра Адамовіча ў красавіку.
МІП прыводзіць факты раптоўнага падвышэньня друкарскіх тарыфаў у Гомелі,
рэйдаў эканамічнай паліцыі ў Баранавічах, цытуе выказваньні Аляксандра
Лукашэнкі пра “нашыя так званыя незалежныя фашыстоўскія СМІ”. У справаздачы
канстатуецца, што пратакол пра доступ апазыці да СМІ, падпісаны пры пасярэдніцтве
АБСЭ, быў скасаваны Лукашэнкам.
У якасьці станоўчага прыкладу МІП спасылаецца на пачатак вяшчаньня Радыё
Рацыя і Балтыйскіх хваляў на Беларусь
Аляксандар Лукашук
* Міжнароднаы Інстытут Прэсы быў заснаваны ў 1950 годзе і аб’ядноўвае
рэдактараў, выдаўцоў і вядучых журналістаў газэтаў, часопісаў, радыё, тэлебачаньня
і агенцтваў навінаў з больш чым 100 краінаў сьвету. Штаб-кватэра знаходзіцца
ў Вене.
Самае папулярнае
1