Гандляры “Камароўскага рынку” заўтра ў Менску правядуць папераджальны
страйк. Гэты намер яны пацьвердзілі сёньня на прадпрымальніцкіх сходах.
Тое, што акцыя пратэсту праводзіцца ў адзін дзень з “Маршам Свабоды – 2”
– невыпадкова…
Яшчэ на мінулым тыдні дата папераджальнага страйку была прадметам гарачых
дыскусіяў у асяродзьдзі “камароўскіх” прадпрымальнікаў. Адная частка гандляроў
настойвала, каб страйк прайшоў у вадзін дзень з “Маршам Свабоды”. Іншыя
раілі ня зблытваць гэтыя акцыі. Больш слушнымі для калектыўнай думкі падаліся
аргумэнты прыхільнікаў сумяшчэньня дзьвюх акцыяў.
Гаворыць адная з кіраўнікоў прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу “Садружнасьць”
Кацярына Навумовіч:
“Вырашылі спыніцца на серадзе – 15 сакавіка – таму што ў гэты дзень
пройдзе апазыцыйная акцыя і, безумоўна, рэзананс любой іншай акцыі, што
адбудзецца ў гэты дзень, будзе больш магутным. Мы зацікаўленыя, каб гэтая
акцыя на “Камароўцы” адбылася і каб пра гэта стала вядома кіраўніцтву краіны.
Мы зацікаўленыя, каб прэзыдэнт быў інфармаваны пра гэтую падзею”, – патлумачыла
Кацярына Навумовіч.
А вось меркаваньне яшчэ аднае лідэркі прафэсійнага саюзу “Садружнасьць”
Маі Сінайскай:
“Прадпрымальнікі пакуль не гатовыя ісьці ў палітыку сямімільнымі крокамі.
Але калі іх падштурхнуць да гэтага – гэта значыцца, калі ў іх забяруць
працоўныя месцы і яны ня здолеюць зарабляць на жыцьцё – яны пойдуць у палітыку,
ім ня будзе куды падзецца”, – зазначыла Мая Сінайская.
Дата 15 сакавіка, паводле словаў гандляроў, задавальняе іх яшчэ і з
тае прычыны, што заўтра адзначаецца Ўсясьветны дзень спажыўца. А менскія
спажыўцы, якія карыстаюцца паслугамі цэнтральнага гарадзкога кірмашу, заўтра
ў выніку мяркуемага страйку гандляроў мусяць пераканацца ў тым, як улада
клапоціцца пра іхныя патрэбы. Сёньня прадпрымальнікі бурна абмяркоўвалі
форму страйку.
(Гукавая застаўка абмеркаваньня. Чуюцца галасы: “Вялікія падаткі”, “Дык
значыцца што, мы выстаўляем тавар?” “Не, мы тавар не выстаўляем, мы выстаўляем
цэтлікі”, “Пустыя машыны”, “Прадаўцы цэлы дзень будуць тлумачыць народу,
у чым справа”.)
Такім чынам, прадпрымальнікі вырашылі, што заўтра прыйдуць на “Камароўку”
без тавараў. Калі папераджальны страйк пройдзе ў адпаведнасьці з плянамі,
то для шмат якіх спажыўцоў паездка на кірмаш будзе дарэмнай. Гандляры зьбіраюцца
растлумачыць пакупнікам, што вінаватыя ў гэтым сталічныя ўлады, якія маюць
намер адабраць у прадпрымальнікаў гандлёвыя плошчы. Бо, маўляў, чыноўнікі
не зацікаўленыя ў тым, каб на “Камароўцы” гандлявалі таннымі таварамі.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1