У Ічкерыі ідуць баі. Сусьветныя сродкі масавай інфармацыі, апрача франтавых
паведамленьняў, падаюць камэнтары да арышту чачэнскага палявога камандзёра
Салмана Радуева і разглядаюць пытаньні парушэньня правоў чалавека ў зоне
расейска-чачэнскага канфлікту.
Восьмыя содні працягваюцца баі ў раёне чачэнскай вёскі Саадзі-хутар?
якую расейцы назывыаюць Камсамольская. Расейскія вайсковыя аддзелы сутыкнулася
тут з жорсткім супрацівам незалежнікаў пад кіраўніцтвам палявога камандзёра
Руслана Гэлаева, які насуперак ранейшым паведамленьням пра ягоныя ўцёкі,
знаходзіцца ў Саадзі-хутары і кіруе абаронай.
Трапны агонь чачэнскіх снайпэраў, нягледзячы на бесперапынныя ўдары
расейскай авіяцыі і гарматніцы, прыносіць значныя страты фэдэральным сілам.
Паводле відавочцаў, баі ідуць практычна за кожны дом. Паводле некаторых
ацэнак, колькасьць абаронцаў вёскі прыблізна 300 чалавек.
Тым часам міністар абароны Ігар Сяргеев, у часе сёньняшняй сустрэчы
з журналістымі заявіў, што вялікіх чачэнскіх фармаваньняў у Ічкерыі не
засталося. Паводле ягоных словаў, паўстанцы, якіх не атрымалася зьнішчыць,
расьсеяныя на дробныя групы па 15-20 чалавек. Што ж да Саадзі-хутару, то
тут, паводле міністра, было ад 700 да 1000 незалежнікаў і зьнішчыць іх
вельмі цяжка, бо вёска ідэальна падрыхтаваная да абароны.
Як заявіў расейскі міністар ўнутраных справаў Владзімір Рушайла, траціна
Саадзі-хутару застаецца пад кантролем чачэнскіх фармаваньняў. Ён жа сказаў,
што вёска практычна разбураная і мірных жыхароў у ёй няма.
Між тым, заходнія сродкі масавай інфармацыі працягваюць абмяркоўваць
візыт на Паўночны Каўказ дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая
заклікала неадкладна спыніць агонь і пачаць мірныя перамовы. Паводле кіраўніка
дэлегацыі Фрэнка Джада, парлямэнтары занепакоеныя парушэньнямі правоў мірных
грамадзянаў неспакойнага рэгіёну. Бальшыня затрыманых і зьмешчаных у лягяры
асобаў, - сказалі ўражаныя заходнікі, - нават не сустракалася з адвакатамі.
У той самы час міністэрства ўнутраных справаў Інгушэтыі паведаміла,
што ў мінулыя содні ўпершыню, цягам апошніх двух месяцаў, з Інгушэтыі ў
Ічкерыю выехала больш людзей, чым з Ічкерыі ў Інгушэтыю: 776 чалавек супраць
1929, але, паводле дарадніка Фэдэральнае міграцыйнае службы Расеі Владзіміра
Лісіна “устойлівай тэндэнцыі да вяртаньня ўцекачоў у родныя ім мясьціны
– няма”.
І апошняе. Захоняя прэса працягвае аналізаваць арышт чачэнскага палявога
камандзёра Салмана Радуева.
“Гэты арышт, - піша “The Wall Street Journal”, - мае для Расеі вялікае
прапагандысцкае значэньне. Масква цьвердзіць, што большая частка тэрыторыі
Ічкерыі знаходзіцца пад ейным кантролем, аднак апошнім часам фэдэральнае
войска зазнае там вялікія страты…
Пуцін, - працягвае газэта, - зьяўляецца бясспрэчным фаварытам у наступных
прэзыдэнцкіх выбарах, аднак ягоныя шанцы на перамогу ў першым туры залежаць
ад таго, як грамадзкасьць ацэніць хаду баявых дзеяньняў у Ічкерыі… Арышт
Радуева, - на думку газэты, - дазволіць таксама адцягнуць увагу грамадзкасьці
ад рэзкай крытыкі вайскоўцаў за іхныя дзеяньні ў рэспубліцы”.
Што ж да чачэнскага боку, то прэзыдэнт Ічкерыі Аслан Масхадаў адмовіўся
пракамэнтаваць арышт Радуева. Ён толькі паўтарыў тое, што ўжо казаў у часе
інтэрвію Радыё Свабода. Паводле ягоных словаў, ён ня ведае, дзе знаходзіцца
Салман Радуеў, таму што Радуеў у баёвых дзеяньнях ня ўдзельнічае.
Сяржук Сокалаў-Воюш
Самае папулярнае
1