Старшыня суда Савецкага раёну Менску Пётар Кіркоўскі вынес рашэньне
ў справе пазову шэфа Дзяржаўнага камітэту авіяцыі і Фэдэрацыі футболу Беларусі
Рыгора Фёдарава да рэдакцыі газэты “Прессбол”. Суд прызнаў рэдакцыю вінаватай
у абразе гонару й годнасьці спадара Фёдарава і забавязаў выплаціць яму
кампэнсацыю – 1 мільён 200 тысячаў рублёў.
Падзеі разгортваліся наступным чынам: Рыгор Фёдараў пакрыўдзіўся на
сэрыю публікацыяў у “Прессболе”, у якіх сьцьвярджалася, што ён давёў беларускі
футбол да жахлівага стану й вінаваты ў карупцыі і злоўжываньні службовым
становішчам. Рыгор Фёдараў падаў пазоў у суд, у якім патрабаваў спагнаць
на сваю карысьць з выданьня 50 мільёнаў, галоўнага рэдактара Ўладзімера
Беражкова 10 мільёнаў і ягонага намесьніка Сяргея Новікава 5 мільёнаў дэнамінаваных
рублёў – гэта беспрэцэдэнтна высокія сумы для такога кшталту справаў.
Журналісты “Прессболу” сьцьвярджалі, што ў сваіх матэрыялах не ставілі
за мэту абразіць асабіста старшыню Фэдэрацыі, а хацелі пазнаёміць чытачоў
з рэальным станам футбольнае гаспадаркі краіны.
Судовае разьбіральніцтва ў гэтай справе цягнулася амаль месяц, і вось
сёньня абвешчана рашэньне. Старшыня Савецкага раённага суду Пётар Кіркоўскі
прызнаў абразьлівымі ў вадносінах да Фёдарава абвінавачваньні ў карупцыі
і пратэкцыянізьме. (У публікацыях “Прессболу” сьцьвярджалася, што старшыня
Фэдэрацыі разам з удзельнікамі футбольнае каманды “Палаты прадстаўнікоў”
у нефармальнай абстаноўцы вырашаў, якім клюбам дапамагчы, а якім не.) Безпадстаўнымі
прызнаныя і сьцьвярджэньні газэты пра тое, што Рыгор Фёдараў злоўжываў
службовым становішчам і за дзяржаўны кошт вазіў у Японію на футбольны форум
сваю дачку.
Суд таксама палічыў абразьлівымі выкарыстаньне газэтаю ў вадносінах
да Фёдарава крымінальна-жаргоннае лексыкі й забавязаў рэдакцыю і Ўладзімера
Беражкова выплаціць галоўнаму беларускаму лётчыку й футбалісту адпаведна
1мільён і 200 тысячаў дэнамінаваных рублёў. Намесьніка галоўнага рэдактара
“Прессбола” Сяргея Новікава суд вызваліў ад адказнасьці. Судзьдзя таксама
забавязаў рэдакцыю апублікаваць адпаведнае абвержаньне.
Тым часам, у ходзе судовага разьбіральніцтва высьветлілася, што спадар
Фёдараў неаднаразова парушаў закон. Напрыклад, незаконна атрымліваў падвойны
заробак – і ў Камітэце авіяцыі, і ў Фэдэрацыі футболу.
Вось што паведаміў нашаму радыё пасьля абвяшчэньня прысуду намесьнік
галоўнага рэдактара “Прессболу” Сяргей Новікаў:
(Новікаў: ) “Рашэньне суду, зразумела, не выклікае ніякага задавальненьня.
На нашую думку, не дасягнута галоўнае – суд не задаволіў нашага хадайніцтва
наконт прыватных вызначэньняў з выпадку парушэньня Рыгорма Фёдаравым трох
важных законаў нашай краіны – Закону аб асновах службы ў дзяржаўным апараце,
Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях і Закону аб друку. Мы заявілі хадайніцтва,
каб з нагоды гэтых выпадкаў былі зробленыя прыватныя вызначэньні, але судзьдзя
ў сваім рашэньні ўвогуле абыйшоў гэтае нашае патрабаваньне, і гэта дае
нам падставы лічыць, што ўсё ж такі суд у сваіх дзеяньнях ня быў стопрацэнтна
незалежным,”
– гэта быў адзін з адказчыкаў на працэсе Сяргей Новікаў.
Рэдакцыя “Прессболу” мае намер абскардзіць гэтае рашэньне. А 22 і 24
сакавіка ў тым жа Савецкім раённым судзе пачнецца разгляд зыскаў, пададзеных
“Прессболам” супраць Рыгора Фёдарава і афіцыйнага друкаванага воргану Фэдэрацыі
– газэты “Всё о футболе”.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1