Адвакаткі Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна падалі хадайніцтва
ў гарадзкую пракуратуру аб спыненьні крымінальнае справы, узбуджанай супраць
іх падабаронных за ўдзел у “Маршы Свабоды-1”.
Адвакатка лідэра Сацыял-дэмакратычнае партыі Міколы Статкевіча Тацяна
Станкевіч і адвакатка дэпутата Валерыя Шчукіна Тацяна Вардомская хадайнічаюць
аб спыненьні крымінальнае справы з-за адсутнасьці складу злачынства.
Мікола Статкевіч і Валеры Шчукін абвінавачваюцца паводле артыкулу 186
Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях,
якія пацягнулі масавыя беспарадкі). Нагадаем, што справа была ўзбуджаная
адразу пасьля падзеяў 17 кастрычніка.
18 кастрычніка генэральны пракурор у наўпроставым эфіры дзяржаўнае тэлевізіі
запэўніў, што арганізатары апазыцыйнай акцыі будуць прыцягнутыя да крымінальнай
адказнасьці, але гэтая пагроза зьдзейсьнілася толькі ў дачыненьні да дэпутата
Валерыя Шчукіна. Некалькі арганізатараў “Маршу Свабоды” былі пакараныя
або адміністрацыйнымі арыштамі, або вялізнымі штрафамі.
Адвакатка Тацяна Станкевіч паведаміла “Радыё Свабода”:
“Сьледзтва ў справе Міколы Статкевіча скончанае. Мікола Статкевіч сваю
віну ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушалі грамадзкі парадак,
не прызнаў. Калі мы азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнае справы, то прыйшлі
да высновы, што сьледзтвам не здабытыя доказы таго, што менавіта Статкевіч
рабіў такія дзеяньні і, таму не даказаная ягоная віна.
Пра гэта мы заявілі ў матываваным хадайніцтве, каб спыніць справу. Падставаю
дзеля гэтага было тое, што, па-першае, Статкевіч не зьяўляўся арганізатарам
акцыі, якая праходзіла 17 кастрычніка; а па-другое – і 17 кастрычніка,
і 27 ліпеня (у Дзень Незалежнасьці) у Менску былі ня нейкія дзеяньні, якія
парушалі грамадзкі парадак, а дэманстрацыі і мітынгі. Магчыма, пад час
правядзеньня іх нейкі грамадзкі парадак і быў парушаны, але казаць пра
тое, што гэта былі дзеяньні хуліганскія, скіраваныя на парушэньне грамадзкага
парадку ў горадзе – немагчыма”, – паведаміла адвакатка Тацяна Станкевіч.
Крымінальныя справы маладафронтаўцаў Глеба Догіля, Германа Сушкевіча
і Андрэя Валабуева ўжо знаходзяцца ў гарадзкім судзе Менску. Лідэр “Народнае
Грамады” Мікола Статкевіч і дэпутат Валеры Шчукін, нягледзячы на тое, што
днямі ім будзе прад’яўленае канчатковае абвінавачваньне ў крымінальнай
справе за ўдзел у “Маршы Свабоды” 17 кастрычніка, паведамілі “Радыё Свабода”,
што выйдуць заўтра на “Марш Свабоды – 2”.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1