Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Амаль чатыры гадзіны спатрэбілася сёньня Кансультацыйнай Радзе апазыцыйных палітычных партыяў дзеля таго, каб знайсьці кансэнсус у важнейшым пытаньні – удзельнічаць ці не ў дыялёгу, што прапаноўвае адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі. Рашэньне, якое нарэшце было прынятае, удзельнік паседжаньня Анатоль Лябедзька назваў так: “ані міру, ані вайны”.

Апытаньне, якоё правёў на пачатку сёньняшняга паседжаньня ягоны старшыня Мікола Статкевіч, паказала, што дзьве зь дзевяцёх партыяў ужо адрэагавалі на запрашэньне ўладаў.

Так, Сяргей Калякін – лідэр Партыі камуністаў беларускай паведаміў, што Цэнтральны камітэт пазытыўна паставіўся да гэтае прапановы. Партыя ўжо скіравала на адрэсу ініцыятыўнае групы адпаведны ліст і два дадаткі да яго, у якіх сфармуляваныя прапановы камуністаў наконт зьместу й працэдуры палітычнага дыялёгу, а таксама падставовыя палажэньні партыйнае пазыцыі.

Пра сваю гатоўнасьць да пошуку кампрамісу заявіла й Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада. Але свой удзел у дыялёгу партыя Шушкевіча лічыць магчымым толькі пры выкананьні ўладамі шэрагу перадумоваў. Да таго ж, гэтая партыя мела намер перадаць свой адказ 15 сакавіка.

Такі падыход адразу зрабіў размову партнэраў па Каардынацыйнай радзе надзвычай вострай. Усе разумеюць, што галоўная сіла апазыцыйных партыяў у іхнай еднасьці. Як трапна зазначыў Уладзімер Нісьцюк, “або мы разам, або мы губляем усё, што набылі за час аб’яднаньня. Або ўлады будуць лічыцца з намі, або разьбяруць апазыцыю, як машыну – на запасныя часткі”.

Галоўны канфлікт адлюстроўваў дзьве прынцыповыя пазыцыі: першая камуністаў Калякіна, які патрабавалі ў адказе ініцыятарам дыялёгу напісаць, што Каардынацыйная рада дапускае ўдзел прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у дыялёгу. І другая – якую найбольш актыўна адстойваў Вінцук Вячорка – ані ў якім разе не пісаць у лісьце арганізатарам дыялёгу пра дазвол апазыцыйным партыям удзельнічаць у гэтай дзеі.

Кансэнсус шукалі вельмі доўга й складана. У рэшце рэшт адказнасьць пераклалі на экспэртаў і ўключылі ў ліст такі параграф: “Мы даручаем кіраўнікам экспэртавых групаў працягваць кансультацыі з экспэртамі ўрадавага боку ў праблемах доступу апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, стварэньні атмасфэры даверу, выбарчым заканадаўстве й паўнамоцтвах парлямэнту”.

Мікалай Статкевіч гэтак пракамэнтаваў сёньняшняе рашэньне:

(Статкевіч: ) “Нам удалося ў чарговы раз дасягнуць адзінай пазыцыі. Гэта прынцыповая, нармальная пазыцыя. Сёньня гэта было вельмі складана, бо ўсё ж улучыць вельмі шырокі спэктар (я думаю, нават, занадта шырокі) палітычных партыяў, якія працуюць у складзе Кансультацыйнай Рады. Але гэта ўдалося. Я сёньня ня бачыў нікога незадаволенага гэтым рашэньнем”.

(Карэспандэнт: ) “Дык калі казаць проста для слухачоў, сёньня Рада дала згоду партыям браць удзел у так званым дыялёгу, або забараніла ім?”

(Статкевіч: ) “Кансультацыйная Рада сёньня заявіла ў чарговы раз пра тое, што мы заўсёды былі прыхільнікамі розных формаў дыялёгу ў грамадзтве. Мітынг – гэта дыялёг, выступленьне па тэлебачаньні, любая сустрэча – гэта дыялёг, гэта нашая праца. Мы заўсёды былі за дыялёг. І, на жаль, толькі ўлады адмаўляліся. Пра гэта ёсьць у сёньняшняй заяве аб дыялёгу з намі. Зараз улады нібыта заяўляюць пра неабходнасьць дыялёгу, але мы заявілі, што гэта ў ніякай ступені ня можа замяніць сабой перамовы па мандату АБСЭ, таму што ў краіне – палітычны крызыс, які ўзьнік у 96-м годзе ў лістападзе, і вырашыць яго магчыма толькі шляхам перамоваў. І таму мы спакойна ставімся да розных формаў дыялёгу. Мы ў чарговы раз пацьвярджаем, што неабходныя перамовы па пытаньні дэмакратычных выбараў, выбарчага заканадаўства, СМІ, паўнамоцтваў парлямэнту”.

Такім чынам, адказ на пытаньне аб удзелу або няўдзелу апазыцыйных партыяў у дыялёгу з уладамі ўвогуле зьнік з дакумэнту. Менавіта гэта й дало падставу Анатолю Лябедзьку сказаць, што ў нас атрымалася сытуацыя “ані міра, ані вайны”.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG