На працэсе над Міхалам Чыгіром пачалі выступаць сьведкі, якія працавалі
разам з экс-прэм’ерам у апараце беларускага ўраду. Вядомы юрыст Ян Функ
пацьвердзіў аргумэнты, якія выкарыстоўвае ў сваёй абароне Міхал Чыгір.
Сёньня на працэсе над Міхаілам Чыгіром пачалі апытваць сьведкаў эпізоду,
які тычыцца працы абвінавачванага на пасадзе прэм’ера. У суд былі запрошаныя
былыя і цяперашнія супрацоўнікі Савету Міністраў, тыя, хто меў дачыненьне
да распараджэньня дазволіць фірме “Піаск” часова не плаціць мытныя пошліны
за ўвезеныя аўтамабілі, якое было прынятае ў 1995 годзе.
Тут варта заўважыць, што гэты эпізод – толькі шостая частка ўсёй справы
Чыгіра. Але, паводле абароны экс-прэм’ера, гэтая – самая галоўная частка.
Бо з юрыдычнага пункту гледжаньня ўсе астатнія абвінавачваньні Чыгіра (а
яны тычацца выдачы крэдытаў пад час ягонага кіраваньня “Белаграпрамбанкам”)
з-за даўніны часу мала чаго вартыя. Адвакаты ўпэўненыя, што сьледчыя таму
й далучылі эпізод пра фірму “Піаск”, бо йнакш справа рассыпалася б.
І вось сёньня былы кіраўнік юрыдычнае ўправы ўраду Ян Функ распавядаў,
як прымалася рашэньне – даць ці не даць “Піаску” адтэрміноўку плацяжоў.
Паводле Яна Функа, гэтае рашэньне ўваходзіла ў кампэтэнцыю Міхала Чыгіра
як прэм’ера і супадала з ранейшай практыкаю прыняцьця падобных рашэньняў.
Другі прынцыповы момант, які засьведчыў Функ, гэта тое, што адтэрміноўка
плацяжоў зьвязвалася з патрабаваньнем да мытні атрымаць гарантыю ад “Белінвестбанку”.
Без такой гарантыі мытня не мела права даваць дазвол на ўвоз аўтамабіляў,
– пацьвердзіў сьведка аргумэнт Чыгіра.
Заўважу, што, тым ня менш, мытня без гарантыі прапусьціла аўтамабілі
ў краіну. Але, на жаданьне пракуратуры, судзяць за гэта не кіраўнікоў мытні,
а Міхала Чыгіра. Ён заявіў у гэтай сувязі нашаму радыё:
(Чыгір: ) “Перасталі многія фірмы пацаваць у Рэспубліцы Беларусь. Не
працуе на сёньняшні дзень “Пушэ”, якое ў 95 годзе заплаціла 10 мільёнаў
даляраў у бюджэт. Не працуе …(неразборліва), які мог бы таксама плаціць
мільёны даляраў у бюджэт. Гэта наўпрост зьвязана на сёньняшні дзень із
заработнай платай судьдзяў, напрыклад, якія разглядаюць сёньня справу,
міліцыі, якая таксама тут стаіць па два-тры дзясяткі чалавек. Вельмі неразумна
губляць гэтыя фірмы. Мы іх губім і вынік – на паверхні. Сёньня бюджэт пусты,
зарплаты нізкія. Хай душаць. Задушаць апошнія, будуць па 5 даляраў атрымліваць”.
Гэта быў былы прэм’ер-міністар Міхал Чыгір. Апытаньне былых падначаленых
Чыгіра працягваецца.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1