Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 8 сакавіка)
Берасьцейская міліцыя працягвае пошук маладых людзей, якія камянямі закідалі чыгуначны вагон, які быў пераабсталяваны ў часовае памяшканьне праваслаўнай царквы. Здарэньне ўзрушыла ўвесь горад, але спробы мясцовых праваахоўчых ворганаў знайсьці злачынцаў застаюцца безвыніковымі…

Цягам некалькіх гадоў жыхары аднаго з буйнейшых мікрараёнаў Вулька зьвярталіся да гарадзкіх уладаў і Берасьцейска-кобрынаўскай эпархіі з прапановай распачаць у гэтым мікрараёне будаўніцтва праваслаўнага храму. Урэшце рэшт на пачатку гэтага году такое рашэньне было прынятае. Мяркуецца, што культавае збудаваньне атрымае назоў “Храм Спаса на крыві”і сваімі адметнасьцямі будзе адпавядаць аналягічнаму храму, які ёсьць у расейскім горадзе Санкт-Пецярбургу.

Пакуль жа ў мікрараёне Вулька створаная суполка праваслаўных хрысьціянаў, і было знойдзенае часовае памяшканьне для правядзеньня царкоўных службаў і працы нядзельнай школы для дзяцей. Настаяцель Сьвята-Семіёнаўскага катадральнага сабору айцец Іаан у якасьці такога памяшканьня прапанаваў выкарыстоўваць пасажырскі вагон, які перададзены чыгуначнікамі і разьмешчаны на зямельным участку, які афіцыйна належыць праваслаўнай царкве.

Айцец Іаан лічыць, што службы на месцы будаўніцтва будучага храму трэба праводзіць ужо зараз. Але літаральна праз содні пасьля таго, як учасовым памяшканьні прайшла першая царкоўная служба, на якой прысутным прапанавалі пачаць збор ахвяраваньняў на будаўніцтва новага храму, гэтае памяшканьне зьведала напад вандалаў.

Невядомыя падлеткі камянямі паразьбівалі шкло ва ўсім чыгуначным вагоне.Пасьля гэтага раптоўна зьніклі, убачыўшы, што да іх набліжаецца вартаўнік. Усё адбывалася на працягу некалькіх хвілінаў. І вартаўнік нават ня здолеў вызначыць, колькі ж асобаў бралі ўдзел у нападзе на часовы храм.

На запатрабаваньне айца Іаана супрацоўнікі Маскоўскага РАУС Берасьця распачалі сьледзтва па факце вандалізму. Паколькі згаданы вагон знаходзіцца на даволі адметнай адлегласьці ад жылых раёнаў, міліцыянты лічаць, што гэтае здарэньне было добра заплянаванай акцыяй.

Паводле адной з вэрсіяў, напад на культавы будынак маглі зрабіць прадстаўнікі незарэгістраваных сэктаў. Напрыклад, сатаністы, ад дзеяньняў якіх некалькі гадоў назад пацярпелі іншыя праваслаўныя храмы Берасьця. Але пакуль гэта толькі вэрсія. А адшукаць жа сапраўдных выканаўцаў учынку праваахоўныя ворганы пакуль ня могуць.

Алег Супрунюк, Берасьце

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG