У сьледчым ізалятары Менску створаныя дадатковыя захады засьцярогі,
якія яшчэ больш узмацняюць ахову гэтае ўстановы, але выклікаюць пярэчаньні
з боку адвакатаў.
Днямі ў будынку сьледчага ізалятару Менску былі ўсталяваныя мэталашукальнік
і тры дадатковыя мэталічныя шлюзы. Апроч таго, адвакаты й сьледчыя адчулі
на сабе яшчэ адно новаўвядзеньне адміністрацыі СІЗА: ахова пачала зачыняць
іх у кабінэтах сам-насам з арыштаванымі.
У адвакатаў такія захады засьцярогі ня выклікалі энтузыязму. Многія
зь іх (а гэта пераважна жанчыны) зьвяртаюцца з просьбамі да ахоўнікаў,
каб тыя не зачынялі іх на ключ пад час размовы з кліентам. Адвакатка Тацяна
Станкевіч так пракамэнтавала нашаму радыё гэтую сытуацыю:
(Станкевіч: ) “Апошнім часам, сапраўды, зьявілася такая практыка, што
ў менскім ізалятары адваката, калі той размаўляе са сваім кліентам, зачыняюць
у кабінэце. Чаму так робіцца – нам ніхто не патлумачыў, нягледзячы на тое,
што многія дапытваліся пра гэта. Хто даў такі загад – таксама невядома.
Я ня бачу аніякіх аб’ектыўных прычынаў дзеля гэтага, таму што ў СІЗА ўсё
ахоўваецца, і зьбегчы адтуль ніхто ня можа.
Больш за тое, усё гэта вельмі непрыемна, бо пэўны час адвакат (які,
дарэчы, ані ў чым не вінаваты й не рабіў аніякіх недазволеных рэчаў) знаходзіцца
пад замком. Акрамя таго, усё роўна няма аніякіх гарантыяў, што размова
паміж адвакатам і кліентам застаецца абсалютна канфідэнцыйнай, што яна
не праслухоўваецца й не праглядаецца”, – распавяла “Радыё Свабода” адвакатка
Тацяна Станкевіч.
Даволі часта сьледчыя ворганы ў адпаведнасьці з нормамі крымінальна-працэсуальнага
права прадастаўляюць арыштаванаму адваката і ён вымушаны працаваць з кліентам,
нават, калі той не выклікае аніякае сімпатыі. А ў Менскай гарадзкой калегіі
адвакатаў працуюць пераважна жанчыны. І пэрспэктыва апынуцца з арыштаваным
у зачыненым на замок кабінэце іх зусім не цешыць.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1