Больш як гадзіну пратрымалі сёньня ў міліцэйскім пастарунку карэспандэнтку
газэты “Беларуская маладзёжная” Ірыну Слаўнікаву. Журналістку абвінавацілі
ў распаўсюджваньні антыўрадавых улётак.
Уранку ля 11-й гадзіны журналістка накіроўвалася ў сваю рэдакцыю. Каля
ўваходу на станцыю мэтро “Маскоўская” Ірына спрабавала прыклеіць малюнак-самаклейку
з карыкатурнай выяваю наступнага зьместу: на хакейнай клюшцы сядзіць голы
вусаты чалавечак з характэрна зачасанымі рэдкімі валасамі. У сьпіну яму
пінае цяжкі бот. На карыкатуры дзьвюхмоўны надпіс: “Game Over – Гульня
скончана!”
Але прыклеіць малюнак спадарыня Слаўнікава не пасьпела – зьявіўся сяржант
і даставіў яе ў лінейны аддзел міліцыі станцыі мэтро. Ахоўнікаў парадку
найперш цікавіла, дзе Ірына ўзяла гэтую ўлётку, ці ёсьць у яе яшчэ падобныя
малюнкі й колькі яна атрымлівае грошай за такую працу.
Міліцыянты таксама спрабавалі абшукаць журналістку, але спадарыня Слаўнікава
заявіла, што нікога не падпусьціць да сябе, пакуль ёй не дадуць зьвязацца
з рэдакцыяй і ў пастарунак не прыедзе адвакат. Міліцыянты патрабаваньне
журналісткі выканалі. Ірына патэлефанавала галоўнаму рэдактару газэты Тацяне
Мельнічук і паведаміла, што ня можа прыехаць на працу, бо яе затрымалі.
Празь нейкі час у пастарунку зьявіўся і юрыст зь Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Тым часам кіраўнік лінейнага аддзелу, старэйшы лейтэнант Мішкевіч перапісаў
і спраўдзіў асабістыя дадзеныя журналісткі й склаў адпаведны пратакол.
Міліцыянты спачатку настойвалі на тым, што малюнак-самаклейка ёсьць улёткаю
з заклікам да ўдзелу ў “Маршу Свабоды-2”, і нават спрабавалі пазнаць у
выяве Аляксандра Лукашэнку. Але пазьней абмежаваліся тым, што абвінавацілі
журналістку ў дробным хуліганстве.
Пасьля выхаду з пастарунку Ірына Слаўнікава так патлумачыла матывы свайго
затрыманьня: “Напэўна, ім перадусім дадзеная ўстаноўка. Бо калі яны патрэбныя
– іх няма, а калі бязкрыўдная наклейка – то яны раптам вырастаюць як з-пад
зямлі. Каля кожнага пастарунку поўныя дошкі з фатаздымкамі злачынцаў, што
знаходзяцца ў вышуку, а яны трацяць свае сілы й сродкі на барацьбу з бязкрыўднымі
наклейкамі” – паведаміла спадарыня Слаўнікава.
Міліцыянты абвінавацілі журналістку ў парушэньні арт. 143 Адміністратыўнага
кодэксу (самавольнае зьмяненьне вонкавага выгляду будынкаў). Цяпер Ірыне
пагражае штраф – адзін мінімальны заробак.
Альгерд Невяроўскі, Менск