У судзе Ленінскага раёну Менску адбыўся суд над Цімохам Дранчуком, Леанідам
Малахавым і Піліпам Клікушыным, якія зарганізавалі ў сераду несанкцыянаваны
пікет каля прэзыдэнцкай адміністрацыі. Пікетоўцы патрабавалі ад Аляксандра
Лукашэнкі вярнуць зьніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку і Анатоля Красоўскага.
За гэта судзьдзя Алена Церашкова пакарала іх пяцісуткавым адміністрацыйным
арыштам. Пасьля вынясеньня прысуду апазыцыянэры абвясьцілі галадоўку.
З самага пачатку працэсу апазыцыянэры заявілі, што іхнай мэтаю было
не пікетаваньне адміністрацыі, а перадача ў прэзыдэнцкую прыёмную пэтыцыі
памерам 1х3 мэтры з надпісам “Лукашэнка! Вярні Ганчара, Захаранку й Красоўскага!”
Аднак дзе канкрэтна знаходзіцца тая прыёмная, падсудныя ня ведалі, і таму
пайшлі непасрэдна да галоўнага пад’езду адміністрацыі. Там іх і затрымалі
супрацоўнікі службы бясьпекі.
Дранчук, Малахаў і Клікушын паведамілі суду, што прадстаўнікі спэцслужбы,
бальшыня зь якіх была ў цывільным, нават не назвалі сябе, нічога не тлумачылі,
забралі транспарант і затрымалі іх. Гэтыя паказаньні апазыцыянэраў фактычна
пацьвердзілі й сьведкі – прадстаўнікі службы бясьпекі Лукашэнкі Сяргей
Доўнар, Міхал Мірановіч і Сяргей Дубоўскі. Аднак яны сьцьвярджалі, што
не павінныя былі нікому называць сябе. Іхнай задачаю было затрымаць парушальнікаў,
што знаходзіліся ў ахоўнай зоне, што яны й зрабілі, прыхапіўшы ў пастарунак
і трох журналістаў.
На просьбу грамадзкага абаронцы аднаго з падсудных, прадстаўніка Гэльсынскага
камітэту Алега Гулака патлумачыць, адкуль маглі апазыцыянэры ведаць, у
якой зоне знаходзяцца, і ці пазначана як-небудзь тая зона ля будынку адміністрацыі,
прапаршчык службы бясьпекі Дубоўскі з гонарам паведаміў, што “наш прэзыдэнт
ад народа не адгароджваецца”.
Судзьдзя Алена Церашкова прыйшла да высновы, што 18-гадовы Цімох Дранчук,
24-гадовы Піліп Клікушын і 34-гадовы Леанід Малахаў вінаватыя ў правядзеньні
несанкцыянаванага пікету, і паколькі раней усе яны прыцягваліся за падобныя
дзеяньні да адміністратыўнага суду, дала кожнаму пяць сутак арышту.
Вось што паведаміў нашаму радыё пасьля абвяшчэньня прысуду Леанід Малахаў:
“Я думаю, што было распараджэньне зьверху, якія санкцыі да нас ужыць і
якое вынесьці пакараньне. Папярэдне расьпісаны сцэнар. Мы распачынаем галадоўку,
бо ня згодныя з прысудам, і на знак салідарнасьці зь Віктарам Ганчаром,
які ў гэтыя ж дні год таму распачаў галадоўку з нагоды ягонага незаконнага
арышту”, – заявіў Леанід Малахаў.
А вось як пракамэнтаваў судовы вырак выканаўчы дырэктар Беларускага
Гэльсынскага камітэту Алег Гулак:
“На жаль, толькі такіх вынікаў і можна было чакаць. Наадварот было б
неяк незразумела, калі б вынік быў апраўдальным. Гэта ўжо настолькі адпрацавана
нашымі судамі, у прыватнасьці судзьдзёй Церашковай. Я думаю, што нават
ня трэба было прасіць дазволу ці ўзгадняць са сваім кіраўніцтвам канкрэтны
прысуд, бо гэта ўжо добра адпрацаваная сыстэма”, – паведаміў спадар Гулак.
Асуджаныя Цімох Дранчук, Леанід Малахаў і Піліп Клікушын, якія ўжо ў
судзе распачалі галадоўку, выйдуць на волю толькі 8 сакавіка.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1