Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін быў
выкліканы ў Гарадзкую пракуратуру Менску, каб азнаёміцца з абвінавачваньнем
у крымінальнай справе, узбуджанай пасьля падзеяў 17 кастрычніка. Справы
маладафронтаўцаў Глеба Догіля, Германа Сушкевіча і Андрэя Валабуева пракуратура
накіравала ў гарадзкі суд.
Сёньня сьледчы Гарадзкой пракуратуры Фешчанка прад’явіў абвінавачваньне
дэпутату Валерыю Шчукіну паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя
і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя непарадкі).
Крымінальная справа была ўзбуджаная 17 кастрычніка на загад Генэральнае
пракуратуры пасьля “Маршу Свабоды”. Дзясяткі ўдзельнікаў “Маршу” панесьлі
адміністрацыйныя пакараньні: арышты й вялізныя штрафы. У менскае СІЗА былі
кінутыя дэпутат Валеры Шчукін, лідэр Сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная
Грамада” Мікола Статкевіч, а таксама маладафронтаўцы Глеб Догіль, Герман
Сушкевіч і Андрэй Валабуеў. Напярэдадні Стамбульскага саміту яны былі адпушчаныя
пад падпіску аб нявыязьдзе.
Сёньня дэпутат Валеры Шчукін пасьля размовы са сьледчым паведаміў “Радыё
Свабода”:
“Сёньня мне зноў было прад’яўленае абвінавачваньне. Я павінен буду азнаёміцца
з матэрыяламі справы і яна будзе перадавацца ў суд. Абвінавачваньне абсурднае.
Мяне абвінавачваюць у тым, што я ўдзельнічаў у масавых непарадках. А я
ў іх ня браў удзелу і не арганізоўваў. Мяне абвінавачваюць, што я сьвістаў,
крычаў. Але я гэтага не рабіў. І што? Ці ёсьць у нас закон, які не дазваляе
сьвістаць і крычаць? Я нікога не заклікаў кудысьці йсьці. Я быў звычайным
удзельнікам. Гэта будзе чысты палітычны працэс, бо Клімаву прыпісалі цагліны,
дэпутату Кудзінаву – хабар, Лявонаву – нейкую каўбасу, Старавойтаву – зэдлікі,
а мне нічога такога не прышылі. Таму я і сьледчаму казаў: “Вы атрымаеце
палітычны працэс”, – паведаміў Валеры Шчукін.
Крымінальныя справы маладафронтаўцаў Германа Сушкевіча, Глеба Догіля
і Андрэя Валабуева акрамя артыкулу 186 ахопліваюць і артыкул 201, частку
2 (злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам) – гэта ад двух да пяці гадоў
пазбаўленьня волі. Учора гэтыя справы былі накіраваныя ў Гарадзкі суд.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1