Сёньня былы Чылійскі дыктатар Аўгуста Піначэт вярнуўся на радзіму. Пазьбегнуць
суду ў Гішпаніі пасьля 16 месяцаў хатняга арышту ў Вялікай Брытаніі Піначэт
здолеў адно з прычыны здароўя – паводле лекараў, ён ўжо ня ў стане зразумець,
што дзеецца навокал. За справай пільна сачылі іншыя былыя дыктатары, якія
хаваюцца ў розных краінах сьвету. Камэнтар Аляксандра Лукашука.
Невядома дакладна, што адчувалі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Юры
Захаранка, Генадзь Карпенка, калі ў лістападзе 1998-га брытанская Палата
лёрдаў вынесла беспрэцэдэнтны ў міжнародным праве вэрдыкт: у справе катаваньняў
няма імунітэту. Прэзыдэнты, канцлеры, кіраўнікі дзяржаваў могуць быць прыцягнутыя
да адказнасьці за злачынствы сваіх рэжымаў. Піначэт вярнуўся дахаты, бо
ня ў стане, паводле мэдыкаў, ясна арыентавацца ў рэальнасьці. Псыхічна
нездаровых ня судзяць.
Пасьля заканчэньня халоднай вайны шмат якія краіны пачалі менш баяцца
пагрозы свайму сувэрэнітэту звонку і больш прыхільна ўспрымаць паняцьце
міжнароднае злачыннасьці і міжнроднай юрысдыкцыі над злачынцамі. Спатрэбілася
паўстагодзьдзя, каб пасьля трыбуналаў, што судзілі ваенных злачынцаў у
Нюрнбэргу і Токіё, пачаў дзейнічаць трыбунал у Гаазе, дзе судзяць за злачынствы
у былой Югаславіі і Руандзе.
Сёньня ў кабінэце дырэктара праваабарончай арганізацыяі Humаn Rights
Watch Рыда Бродзі вісіць мапа з фотаздымкамі 29 пэрсонаў – былых дыктатараў,
якія паўцякалі са сваіх краінаў. Іды Амін, дыктатар з Уганды, які зараз
вырошчвае гародніну ў Саўдаўскай Аравіі, апроч традыцыйных зьверстваў,
праславіўся простай ухвалай Гітлера; эфіёп з марксісцкім ухілам Менгісту
Хайле Марыям хаваецца ў Зімбабвэ, былы дыктатар Гаіці Жан Клод Дувальэ
пасьля разводу з жонкай, якая прыхапіла ўсе грошы, бадзяецца невядома дзе
па Францыі, парагваец Альфрэда Стрэснэр ўцёк у Бразілію…
Гісэна Габрэ, былога дыктатара Чаду, якога падтрымлівалі ЗША і Францыя
як супрацьвагу Лівіі, абвінавачваюць у 40 тысячах забойстваў і 200 тысячах
выпадкаў катаваньняў. Ён жыве ў Сэнэгале, і супраць яго ужо ўзбуджаная
крымінальная справа – і штуршком паслужыла якраз справа Піначэта.
Дырэктар Humаn Rights Watch Рыд Бродзі гаворыць, што ў пошуках былых
дыктатарў галоўны матыў – ня помста за мінулыя злачынствы, а папярэджаньне
новых. Кіраўнікі дыктатарскіх і аўтарытарных рэжымаў мусяць ведаць, што
за злачынствы давядзецца адказваць, і ў сьвеце ня будзе ніякай дзяржавы
ці сілы, якая здолее іх абараніць.
Судовы перасьлед дыктатарў – новая справа, яна патрабуе сыстэматычнага
збору сьведчаньняў, карпатлівай юрыдычнай падрыхтоўкі. Застаюцца нявырашанымі
праблемы юрысдыкцыі – напрыклад, адна справа, калі былога кіраўніка дзяржавы
судзіць міжнародны суд, іншая – калі любы судзьдзя можа выпісаць ордэр
на падарожніка, які некалі кіраваў краінай. Калізіі могуць узьнікнуць,
напрыклад, у справе нацыянальнага ці міжнацыянальнага замірэньня – кіраўнікі
Арганізацыі Вызваленьня Палестыны і Ізраіля ня раз абвяшчалі адно аднаго
тэрарыстамі, пакуль ня мусілі сесьці за стол перамоваў. Істотная праблема
коштаў. Паводле газэты “Wall Street Journal”, затрыманьне Піначэта абыйшлося
брытанскім падаткаплацельшчыкам у суму 15 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.
І ўсё ж гэта праблемы цалкам пераадольныя для ХХ1 стагоддзя – і справа
генэрала Аўгуста Піначэта сьведчыць, у якім накірунку яны будуць вырашацца
незалежна ад краіны пражываньня і колькасьці праведзеных рэфэрэндумаў у
падтрымку сваёй палітыкі.
Аляксандар Лукашук, Прага
Самае папулярнае
1