Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Расейскія афіцыйныя асобы паведамляюць, што так званая апэрацыя “знішчэньня тэрарызму” ў Чачні блізкая да заканчэньня. Міністар унутраных справаў Расеі Ўладзімер Рушайла заявіў, што прыблізна праз 10 дзён большасьць расейскага войску будзе выведзеная з Чачні, і адказнасьць за бясьпеку на сябе возьмуць унутраныя войскі й міліцыя. Ці сапраўды Расея можа сёньня заяўляць пра перамогу ў Чачні?

Расея цяпер вельмі заклапочаная магчымасьцю таго, што кіраўнікі чачэнскага незалежніцкага руху, якія здолелі выйсьці з расейскай аблогі ў Грозным, могуць зноў вырвацца з расейскага кола ў Аргунскай цясніне і працягваць кіраваць рухам супраціву з замежжа. Гаворка тут ідзе пра прэзыдэнта Аслана Масхадава і палявых камандзёраў Салмана Радуева, цяжка параненага Шаміля Басаева ды ярданца Хатаба. Каб не дазволіць ім уцячы, расейскае камандаваньне накіроўвае ўсё новыя і новыя часткі ў раён 80-кілямэтровай расейска-грузінскай мяжы.

Больш за тое, ўчора расейскі ўрад перадаў Інтэрполу наказ арышту Аслана Масхадава, якога расейскія ўлады абвінавачваюць у тэрарызме. Раней падобныя дакумэнты былі накіраваныя ў Інтэрпол у справе Басаева, Радуева, Хатаба ды іншых чачэнскіх палявых камандзёраў.

Між тым сам Масхадаў даў інтэрвію нашай радыёстанцыі ў якім сьцьвярджае, што вайна далёка не закончаная, што чачэнцы яшчэ маюць значны ваенны патэнцыял, каб надалей змагацца з расейскай арміяй.

Між тым, Арганізацыя Бяспекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе накіравала ў раён чачэна-грузінскай мяжы сваю сталую місію, у складзе якой працуюць 10 назіральнікаў. Сядзіба місіі знаходзіцца ў высокагорнай грузінскай весцы Шацілі. Адсюль міжнародным прадстаўнікам можна будзе назіраць за дзеяньнямі расейскай арміі на мяжы ды інфармаваць міжнародную грамадзкасьць у выпадку парушэньняў правоў чалавека.

Шматлікія парушэньні правоў чалавека расейскай арміяй у Чачні будуць таксама адной з галоўных тэмаў абмеркаваньня на Лісабонскай канфэрэнцыі прадстаўнікоў ЗША, Эўрапейскага Зьвязу і Расеі. У канфэрэнцыі прымуць удзел: дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт, каардынатар вонкавай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу Гав’ер Саляна, Вярхоўны камісар ЭЗ ў справах замежных адносінаў Крыс Патэн, а таксама міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў.

Паводле словаў прэсавага сакратара ЭЗ Гунара Вейганда, Расея пачуе на гэтай канфэрэнцыя вельмі вострыя словы крытыкі ў свой адрас. Наша галоўнае заданьне, падкрэсліў ён, дабіцца ад Расеі права накіраваць у Чачню незалежных назіральнікаў у пытаньнях правоў чалавека.

Зусім зь іншымі настроямі накіраваўся ў Лісабон міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Адразу пасля прыбыцьця ў Лісабонскім аэрапорце ён заявіў на прэсавай канфэрэнцыі наступнае:

(Іваноў: ) “Каўказ вельмі канфліктны рэгіён, так як і Бальканы. У сувязі з гэтым мы, зразумела, будзем абменьвацца інфармацыяй з нашымі суразмоўцамі (ЭЗ і ЗША) на тэму, як мы зьбіраемся ўрэгуляваць сытуацыю”.

На пытаньне: ці чакае ён вострай крытыкі ў бок палітыкі Расеі на гэтай канфэрэнцыі, Ігар Іваноў адказаў:

(Іваноў: ) “Я ня думаю, што там прагучыць вострая крытыка. Напэўна, будзе выказаная заклапочанасьць. Гэта зразумела. Кожны мае свой погляд. Але ж мы не прыехалі сюды дзеля таго, каб пачуць вострую крытыку”.

Пра парушэньні правоў чалавека сьцьвярджае і карэспандэнт нашага радыё Андрэй Бабіцкі, які знаходзіўся ў расейскім фільтрацыйным лягеры ў Чарнакозаве.

(Бабіцкі: ) “Я мушу прызнаць, што я ўпершыню трапіў у рукі службы бяспекі. Гэта былі садысты, пад кантролем якіх знаходзіцца лягер у Чарнакозаве”.

Андрэй Бабіцкі расказаў, што чачэнцаў, якіх расейскія сьледчыя падазраюць у супрацоўніцтве з чачэнскім незалежніцкім рухам, падвяргаюць у Чарнакозаве безперапыннаму катаваньню аж да таго часу, пакуль яны не даюць тыя сьведчаньні, якія ад іх патрабуюць сьледчыя. Бабіцкі прыгадвае выпадкі, калі ахоўнікі папросту пагражалі чачэнцам адрэзаць ім нейкую частку цела. Бабіцкі перакананы, што падобная практыка паўсюднага тэрору супраць чачэнскага насельніцтва пануе на ўсёй тэрыторыі, дзе дзейнічае расейская армія.

Нагадаем, што прэзыдэнт Радыё Свабода/Свабодная Эўропа Том Дайн хоча запрасіць Бабіцкага ў вашынгтонскую сядзібу нашага Радыё, каб той змог расказаць пра парушэньні правоў чалавека ў Чачні амэрыканскай грамадзкасьці. Расейскія ўлады, аднак, не дазваляюць Бабіцкаму пакінуць Маскву. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа.

Мікола Іваноў, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG