Татарстан зноў выказвае жаданьне далучыцца да саюзу Беларусі і Расеі
на роўных правох. Пра гэта заявілі некалькі татарскіх нацыянальных арганізацыяў
у сваім лісьце да выконваючага абавязкі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.
У Маскве лічаць, што за гэтай акцыяй можа стаяць прэзыдэнт Татарстану Менцімер
Шайміеў.
Зварот да Ўладзімера Пуціна падпісалі прадстаўнікі трох нацыянальных
арганізацыяў Татарстану – Татарскага грамадзкага цэнтру, партыі "Іттіфак"
і грамадзка-палітычная арганізацыя "Харыят". Гэтыя арганізацыі заўжды лічыліся
апазіцыйнымі кіраўніцтву Татарстану, бо выступалі з пазыцыяў нацыянальнага
адраджэньня і незалежнасьці рэспублікі. Але маскоўскія назіральнікі лічаць,
што гэтым разам ініцыятыва нацыянальных арганізацыяў супала з інтарэсамі
Менцімера Шайміева.
У сваім лісце татарскія нацыяналісты пішуць "Ніхто ня можа аспрэчваць
лягічнасьць падпісаньня саюзнае дамовы Расеі і Беларусі, але таксама цалкам
натуральным і лягічным зьяўляецца жаданьне татарстанцаў стаць трэцім сябрам
гэтага саюзу".
Пры гэтым кіраўнікі нацыянальных арганізацыяў фактычна шантажуюць Уладзімера
Пуціна пагрозай распаду Расеі пасьля вайны у Чачні. "Жорсткасьць у адносінах
да чачэнскага народу, – гаворыцца у лісце, – узмацніла цэнтрабежныя тэндэнцыі,
і яны будуць узмацняцца з кожным годам".
Маскоўскія назіральнікі адзначаюць, што акрамя нацыянальных арганізацыяў,
у падвышэньні статусу Татарстану зацікаўлены і сам прэзыдэнт Мейцімер Шайміеў.
Ён ужо неаднаразова выказваўся за тое, каб у працэсе стварэньня саюзу Беларусі
і Расеі ўлічваліся інтарэсы Татарстану. Масква на гэтыя заявы рэагавала
крытычна. Напрыканцы гэтага году, магчыма, будуць праведзеныя выбары у
парлямэнт саюзу Беларусі і Расеі. Калі Татарстан ня мае намеру адмаўляцца
ад сваёй пазыцыі і паспрабуе правесьці ў саюзны парлямэнт сваіх дэпутатаў,
то варта было нагадаць пра свае прэтэнзіі. Менцімер Шайміеў зрабіў гэта
рукамі іншых, каб нэгатыўная рэакцыя федэральнага цэнтру скіравалася, у
выпадку чаго, на нацыянальныя арганізацыі, а не на яго асобу.
Пакуль Крэмаль афіцыйна ніяк не рэагуе на заяву татарскіх нацыяналістаў.
Інтэрнэт-выданьне "Gazeta.ru" камэнтуе гэта так: "Крэмль цудоўна разумее,
што як толькі ён прадэманструе нават мінімальную гатоўнасьць абмяркоўваць
з рэспублікамі магчымасьць зьмены іх статусу, цяперашні дзяржаўны лад Расеі
рассыпецца з неверагоднай хуткасьцю".
Ускоснай рэакцыяй Крамлю на падзеі ў Татарстане можа быць заява старшыні
заканадаўчага сходу Ўльянаўскай вобласьці Сяргея Рабухіна. Сёньня ён заявіў,
што трэба перагледзець адносіны фэдэральнага цэнтру з рэгіёнамі. На думку
Рабухіна, "не павінна быць ніякіх асаблівых адносінаў зь нейкімі рэспублікамі.
Бо ёсьць адзіная для усіх Кастытуцыя і адзіныя законы". Сяргей Рабухін
лічыць, што трэба прыняць спэцыяльны закон, які скасуе дадатковыя паўнамоцтвы
шэрагу рэгіёнаў. Зразумела, што маюцца на ўвазе перш за ўсе Татарстан і
Башкартастан, якія такімі паўнамоцтвамі валодаюць.
Крытычная рэакцыя федэральнага цэнтру на захады Татарстану тым больш відавочная, што і Ўладзімер Пуцін ужо праявіў сябе як прыхільнік меншае самастойнасьці рэгіёнаў. Ён, у прыватнасьці, ужо выказваў ідэю прызначэньня а не Ўсенароднага абраньня кіраўнікоў суб'ектаў федэрацыі. Віктар Дзятліковіч, Масква
Крытычная рэакцыя федэральнага цэнтру на захады Татарстану тым больш відавочная, што і Ўладзімер Пуцін ужо праявіў сябе як прыхільнік меншае самастойнасьці рэгіёнаў. Ён, у прыватнасьці, ужо выказваў ідэю прызначэньня а не Ўсенароднага абраньня кіраўнікоў суб'ектаў федэрацыі. Віктар Дзятліковіч, Масква