Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


2 сакавіка 1942 году расстрэлам звыш пяці тысячаў чалавек фашыстоўскія карнікі распачалі буйнамаштабную акцыю зьнішчэньня менскага гэбрайскага гета, у якім загінула больш за сто тысячаў чалавек. Сёньня на мейсцы жудаснае трагедыі прайшоў мітынг-рэквіем.

Яма – назоў гэтага мейсца на скрыжаваньні вуліцаў імя Мельнікайтэ ды Заслаўскай. Сьціплы помнік з надпісам пра жудасныя падзеі 42-га году, некалькі старых дрэваў абапал. Мейсца ціхае і халоднае да вусьцішы. Мітынг распачаўся апоўдні, аднак, сонца на дно ямы так і не патрапіла – яго засланяў цень ад збудаваных па пэрымэтры шматпавярховікаў.

У некаторых зь іх – зацікаўленыя твары. Так хацелася падняцца да іх у кватэры ды запытаць, якія сны ім сьняцца на гэтым крывавым скрыжаваньні. Можа, гэты намер і зьдзейсьніўся б, каб не зьявіўся сярод прысутных на жалобнай імпрэзе надзвычайны ды паўнамоцны амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь Дэніэл Спэкгард. Што яго сюды прывяло?

Спадар Спэкгард сказаў, што ягоны чалавечы найперш абавязак быць сёньня на мейсцы, якое палітае крывёю тысячаў ахвяраў бесчалавечнага рэжыму. Далей амэрыканскі амбасадар патлумачыў:

“Мы павінны штодзённа нагадваць самі сабе пра такую важную праблему, як барацьба са злом. І ніколі не дазваляць парушаць правы чалавека. Маё сэрца сёньня разам з тымі, хто застаўся жывы пасьля ўсяго гэтага жаху. І я, вядома, хачу ўшанаваць памяць усіх палеглых тут”, – сказаў Дэніэл Спэкгард.

Натуральна, што журналісты не прамінулі пацікавіцца думкаю амэрыканскага амбасадара пра сучасныя праявы антысэмітызму ў Беларусі, маючы на ўвазе перш за ўсё кнігу, выдрукаваную выдавецтвам “Праваслаўная ініцыятыва” “Война по законам подлости”. На гэтае пытаньне спадар Спэкгард адказаў ужо найперш з дыпляматычным акцэнтам:

(Спэкгард: ) “Я шмат разоў размаўляў з урадоўцамі Беларусі пра тое, што такі найважнейшы аспэкт іхнае дзейнасьці як правы чалавека, павінен няўхільна захоўвацца. І чыноўнікі заўсёды гаварылі мне, што яны зь вялікаю павагаю ставяцца да ўсіх рэлігійных канфэсіяў ды нацыянальных абшчынаў Беларусі. І я лічу, што адным з важнейшых доказаў таго, што ўрад шануе нацыянальныя ды рэлігійныя пачуцьці сваіх грамадзянаў, зьяўляецца помнік у гэтым мейсцы ды адзнака сёньняшняе трагічнае даты”.

Дыпляматычна ў вадносінах да ўлады, якая ўжо два месяцы адмоўчваецца з нагоды выхаду антысэміцкае кнігі, праявілі сябе й арганізатары мітынгу. Маю на ўвазе афіцыйны дзяржаўны сьцяг, які трымалі ўдзельнікі мітынгу поруч зь дзяржаўным сьцягам Дзяржавы Ізраіль, чый дыпляматычны корпус, акрэдытаваны ў Беларусі, быў тут ці ня ў поўным складзе, што, нягледзячы на ўсе дыпляматычныя тонкасьці, трэба разглядаць як усебаковую падтрымку гэбрайскага насельніцтва Беларусі. “А яно”, – сказаў у сваім выступе надзвычайны ды паўнамоцны амбасадар Ізраіля ў Беларусі Марцін Флекс, – “мела ў беларускім грамадзтве даўней вельмі істотную ролю, чаго, на жаль, няма цяпер”.

Скруху ягоную можна зразумець – нямецка-фашыстоўскія карнікі зьнішчылі ў Беларусі 800 тысячаў ягоных суродзічаў. “Вось што можна зрабіць з народам, які разрозьнены, які цалкам залежыць ад іншых”, – выснова ізраільскага амбасадара надзвычай надзённая ня толькі для гэбрайскага насельніцтва Беларусі, хаця сёньня тут на такія абагульненьні прамоўцы й не выходзілі.

“Яма – гэта сымбаль фашызму”, – сказаў Леанід Левін, старшыня Беларускага аб’яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў ды абшчынаў, які завяршыў свой выступ на ноце трывогі й папярэджаньня:

(Левін: ) “Здавалася б, на нашай беларускай зямлі, якая заўсёды ўяўлялася самаю зручнаю для супольнага жыцьця розных нацыянальнасьцяў, няма прычынаў для трывогі. Аднак сёньня пачынаюць зьбіраць да кучы ўвесь бруд, пачынаюць актыўна агітаваць за тое, каб проста вось так усіх вас, тых, хто стаіць тут разам са мною ды іншых, узяць ды зьнішчыць. Зьнішчыць толькі таму, што мы – гэбраі”.

Натуральна, што на гэтае папярэджаньне мусіў нешта адказваць прысутны на мітынгу старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіяў ды нацыянальнасьцяў Аляксандар Білык. Спадар Білык усе закіды на дзяржаўнае патураньне праявам антысэмітызму абвяргаў, нагадаўшы пра супольнае змаганьне з фашызмам:

“У гэтым ярка праявіліся агульначалавечыя каштоўнасьці, яны складаюць аснову нацыянальнае палітыкі беларускае дзяржавы. Яна ня толькі канстытуцыйна дэкляруе, але й на практыцы робіць усё, каб на беларускай зямлі добра жылося прадстаўнікам усіх нацыянальнасьцяў. Асобным праявам нацыянальнае варожасьці, антысэмітызму даецца рашучы адпор. Будзе дадзеная ацэнка й таму факту, пра які тут прыгадвалі, Пракуратура ім займаецца і яна дасьць кваліфікаваную і дакладную ацэнку. Будзе дадзеная і чалавечая, і палітычная ацэнка”, – паабяцаў спадар Білык.

Астатнія выступоўцы таксама казалі абяцаньні. Абяцаньні жывых – мёртвым. Памятаць іх і не дапусьціць паўтору на беларускай зямлі новых гэбрайскіх “ямаў”.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG