Мы працягваем падаваць зьмест беларускага падразьдзелу ў справаздачы
Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША за 1999-ы год аб сытуацыі з правамі чалавека
ў сьвеце. Сёньня мы завяршаем агляд першай часткі, якая тычыцца асноўных
правоў чалавека.
У разьдзеле пад назвай “Неабгрунтаванае ўмяшальніцтва ў прыватнае жыцьцё,
парушэньне недатыкальнасьці прыватнага жытла і прыватнай карэспандэнцыі”
адзначаецца, што гэтыя інстытуты фармальна абараняюцца канстытуцыяй. Аднак,
у рэальнасьці ўлады Беларусі практыкуюць праслухоўваньне памяшканьняў,
тэлефонных размоваў, прагляд кампутарных базаў інфармацыі. КГБ шырока выкарыстоўвае
ўварваньне ў дамы й правядзеньне ператрусаў без адпаведных санкцыяў, а
таксама пэрлюстрацыю (прагляд) ліставаньняў.
Палітыкі, правабаронцы, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў перакананыя,
што прагляд іхнай карэспандэнцыі стаўся звычайнай справай для спэцслужбаў.
Некаторыя з апазыцыйных палітыкаў атрымлівалі папярэджаньні аб непажаданасьці
іхных візытаў у замежныя амбасады з пагрозамі рэппэсыяў. Міліцыі, якая
ахоўвае амбасады, даручана фіксаваць на відэастужцы візыты апазыцыйных
палітычных лідэраў. І нават прадстаўнікі афіцыйный улады ня могуць пазьбегнуць
адсочваньня.
Вось некалькі прыкладаў з тых, што прыводзяцца ў справаздачы.
12 лютага гомельская міліцыя, сьцвярджаючы, быццам у памяшканьне мяйсцовай
філіі Беларускага Гэльсынскага камітэту падкладзеная бомба, правяла несанкцыянаваны
ператрус і сканфіскавала 14 тысячаў улётак з абвесткай аб прэзыдэнцкіх
выбарах.
26 красавіка, празь месяц пасьля арышту былога прэм’ер-міністра Міхала
Чыгіра, памяшканьне ягонай штаб-кватэры было ўзламанае. Былі скрадзеныя
кампутары, у якіх утрымлівалася інфармацыя, датычная спробаў апазыцыі зарганізаваць
прэзыдэнцкія выбары. На думку апазыцыйных актывістаў, за гэтай акцыяй стаялі
афіцыйныя службы бясьпекі
11 травеня ў пошуках нібыта закладзенай бомбы быў праведзены ператрус
у памяшканьні Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны
14 травеня адбыўся несанкцыянаваны ператрус у прадстаўніцтве міжнароднай
арганізацыі Irex/Promedia, якая займаецца, у прыватнасьці, вывучэньнем
ролі незалежнай прэсы ў грамадзтве. Супрацоўнікі гэтай арганізацыі дапытваліся
афіцэрамі ворганаў бясьпекі цягам некалькіх гадзінаў.
Прэзыдэнцкая служба бясьпекі, створаная ў 1995-м годзе, па-ранейшым
займалася адсочваньнем дзейнасьці палітычных апанэнтаў Лукашэнкі.
У чэрвені Нацыянальны Сход перагледзеў адміністрацыйны кодэкс, у якім
цяпер прадугледжанае права супрацоўнікаў КГБ уваходзіць у памяшканьні фірмаў,
установаў і прадпрыемстваў, і праводзіць фінансавы аўдыт альбо атрымліваць
інфармацыю аб дзейнасьці кампаніяў альбо іншых арганізацыяў.
23 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ нумар 40, які дазваляе
ўладам нацыяналізаваць маёмасьць, у тым ліку асабістую, у выпадку, калі
гэтая асоба прычыніла фінансавы ўрон дзяржаве.
Віталь Тарас, Прага
Самае папулярнае
1