1 сакавіка распачаўся візыт у Менск прадстаўнікоў адразу трох уплывовых
міжнародных арганізацыяў: Парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ й Рады Эўропы, а
таксама Эўрапарлямэнту.
Пяць міжнародных чыноўнікаў – Адрыян Севярын з Парлямэнцкай асамблеі
АБСЭ, Ян Вірсма й Пэдра Марсэ Кампас з Эўрапарлямэнту, Тэры Дэвіс і Вольфганг
Бэрандт з Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы й пяць іхных дарадцаў прыляцелі
ў Менск у другой палове сёньняшняга дня. Адпаведна, і сёньняшняя праграма
ў іх вельмі кароткая – гутарка з супрацоўнікамі Кансультацыйна-назіральнае
групы АБСЭ й вячэра з журналістамі.
Што можна чакаць ад гэтага візыту? На пытаньне адказвае намесьнік старшыні
Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька.
(Лябедзька: ) “Прыезд тройкі трэба разглядаць у зьвязцы з тымі мерапрыемствамі,
якія ўжо адбыліся. Я маю на ўвазе паседжаньне пастаяннага камітэту Парлямэнцкай
Асамблеі АБСЭ і слуханьні на паседжаньні Палітычнага камітэту і пленарнай
сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Гэта ўсё складовыя часткі агульнай
выпрацоўкі стратэгіі і тактыкі ў адносінах да Беларусі. І, як мы і прагназавалі,
наступным крокам будзе стыкоўка эўрапейскіх падыходаў з пазыцыяй Злучаных
Штатаў Амэрыкі. Менавіта 9 сакавіка ў Кангрэсе ЗША адбудуцца слуханьні,
у якіх возьмуць удзел і прадстаўнікі эўарпейскіх структураў.
Галоўная мэта місіі, на мой погляд, гэта дадатковы маніторынг сытуацыі.
Я думаю, што менавіта сакавік будзе вызначальным месяцам. Паводле ягоных
вынікаў і будзе канчаткова сфармаваная пазыцыя міжнароднай супольнасьці
ў адносінах да Беларусі.
Рэжым, відаць, таксама гэта разумее і спрабуе перахапіць палітычную
ініцыятыву”.
Што тычыцца сустрэчаў “тройкі” 2 і 3 сакавіка, дык пакуль вядомая толькі
тая частка праграмы, якая зьвязаная з апазыцыйным і няўрадавым бакамі.
У прыватнасьці, прадугледжваюцца гутаркі зь сябрамі Прэзыдыюму Вярхоўнага
Савету 13 скліканьня, Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў, няўрадавых
грамадзкіх арганізацыяў, незалежнымі экспэртамі.
На 3 сакавіка заплянаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў. Але канкрэтнае
праграмы гэтае часткі візыту ўрадавыя чыноўнікі ў Кансультацыйна-назіральную
групу пакуль не перадалі.
Між тым, цікава, што прэсавая канфэрэнцыя, якая першапачаткова павінна
была пачацца а 5-й гадзіне ўвечары 3 сакавіка, сёньня была перанесеная
на гадзіну пазьней. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што “тройка” спадзяецца
больш часу адвесьці дзеля размовы з урадавым бокам. Ня выключана, што гэта
робіцца й дзеля магчымае гутаркі з Лукашэнкам.
А што думае з гэтае нагоды Анатоль Лябедзька?
(Лябедзька: ) “Нельга выключаць, таму што Лукашэнка зараз рабіў ініцыятывы,
перад якімі ставяцца вельмі канкрэтныя мэты. У першую чаргу гэта легітымізацыя
вынікаў выбараў. А Лукашэнка ўжо адмовіўся напрыканцы мінулага году сустракацца
з Севярынам, і гэта мела адмоўную рэакцыю. Фактычна, гэта быў другі інцыдэнт.
Некалі ён адмовіўся сустракацца са спадарыняй Лені Фішар, кіраўніком Парлямэнцкай
Асамблеі Рады Эўропы, калі пайшоў гуляць у футбол. Натуральна, што ўсё
гэта натуецца, і я думаю, што дарадцы Лукашэнкі будуць раіць яму сустрэцца
з прадстаўнікамі міжнародных арганізацыяў і паспрабаваць пераканаць іх,
каб яны прыслалі сюды міжнародных назіральнікаў, каб яны пагадзіліся абмежавацца
дыялёгам у фармаце выбарчага кодэксу, які прадстаўлены”.
Прадстаўнікі “тройкі” пакінуць Менск 4 сакавіка.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1