Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 1 ліпеня.)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Пад канец паўгодзьдзя, калі сталі відавочнымі правалы ва ўсіх сэгмэнтах эканомікі, адміністрацыйны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў ствараць бачнасьць нейкіх рэформаў ці зьменаў.

Так, Савет міністраў прыняў пастанову “Аб зьмене кошту імяннога прыватызацыйнага чэка “Маёмасьць”. Шэсьць год таму, калі чэк быў уведзены, ён каштаваў 4 даляры, а зараз меней чым 20 цэнтаў. З улікам гэтага Міністэрства дзяржаўнае маёмасьці зацьвердзіла пералік акцыянэрных таварыстваў, акцыі якіх сёлета будуць выстаўленыя на чэкавыя аукцыёны. У міністэрстве разьлічваюць, што першы аукцыён адбудзецца ўжо ў жніўні. Але сьпіс прадпрыемстваў трымаецца ў сакрэце. Пэўна, як і раней, яны безнадзейна стратныя, збанкрутаваныя.

Аб’яўлена, што да кастрычніка будзе ўведзены адзіны валютны курс не праз улік попыту й прапановы валюты, а праз паступовую дэвальвацыю рубля. Кожны дзень рубель таньнее на 2 пункты, і на сёньня курс складае 660 рублёў за 1 даляр. Каб зраўняць рынкавы і афіцыйны курсы, рубель трэба апусьціць яшчэ на 340 пунктаў. І гэта – калі рынкавы курс будзе стаяць на месцы, што ў сёньняшняй сытуацыі проста неверагодна.

29 чэрвеня ўрад зьвярнуўся да Нацыянальнага банку й “Белаграпрамбанку” з просьбаю выдаць калгасам крэдыт памерам 5 мільярдаў рублёў. Узяць гэтыя грошы няма адкуль. Значыць, або жаданьне ўсталяваньня адзінага валютнага курсу чарговы раз будзе правалена, або давядзецца падвоіць тэмпы дэвальвацыі рубля зь непазьбежным падвышэньнем інфляцыі.

А сёньня дзеяньні ўлады сьведчаць пра тое, што яна не зьбіраецца йсьці на канкрэтныя рэформы. Паводле новага Грамадзянскага кодэксу, усе калектыўныя прадпрыемствы, а таксама прадпрыемствы, маёмасьць якіх зьяўляецца ўласнасьцю іншых асобаў, павінны пераўтварыцца ў іншыя, прадугледжаныя кодэксам віды юрыдычных асобаў. Інакш яны ліквідуюцца.

У такой жа сытуацыі апынуліся і суб’екты гаспадараньня, што займаюцца аптовым гандлем. Да 1 ліпеня яны павінны былі атрымаць адпаведныя ліцэнзіі. Не пасьпеюць атрымаць – уся выручка можа быць сканфіскаваная дзяржаваю.

Але выдаць вялікую колькасьць ліцэнзіяў (менавіта звыш 45 тысячаў) дзяржаўныя ворганы не змаглі, хоць чэргі па 300-400 чалавек утвараліся ў Менскім гарадзкім выканкаме з 6 гадзінаў раніцы. Стварылася сытуацыя, што зь сёньняшняга дня многія суб’екты гаспадараньня, якія займаюцца аптовым гандлем, могуць проста зьнікнуць. І гэта яшчэ больш паскорыць нястрымны рост цэнаў, які адбываецца цягам апошніх месяцаў.

Адначасова зьнікаюць рабочыя месцы, скарачаюцца паступленьні падаткаў у бюджэт. Але адміністрацыйная сыстэма з гэтым пакуль ня лічыцца.

Уладзімер Кулажанка, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG