Памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў у лісьце, дасланым у сакратарыят
Таварыства Беларускае Мовы, прапануе кіраўніцтву ТБМ вярнуцца ў гэтак званы
“грамадзка-палітычны дыялёг” ды стварыць з ягоных удзельнікаў экспэртавую
групу ў абмеркаваньні праблемаў роднае мовы.
Ліст спадара Посахава (вытрыманы, дарэчы, у стылі беларускамоўнага канцылярыту)
выклікаў цікавасьць у кіраўніцтве ТБМ. Яно ацэньвае яго не як асабістыя
меркаваньні высокапастаўленага чыноўніка, а як пэўныя праявы павароту атачэньня
Лукашэнкі да праблемаў мовы.
Аднак рэакцыя ТБМ на канкрэтныя прапановы вяртаньня ў гэтак званы “дыялёг
грамадзка-палітычных сілаў” даволі стрыманая. Прыняты 29 чэрвеня на паседжаньні
сакратарыяту Таварыства адказ прэзыдэнцкаму памочніку ўтрымлівае шэраг
умоваў, пры выкананьні якіх ТБМ згодна вярнуцца на афіцыйныя паседжаньні
“дыялёгу”.
Вось некалькі цытатаў з ліста, так бы мовіць, у адказ, з вуснаў старшыні
ТБМ Алега Трусава:
“Мы цалкам згодныя, што пра стан мовы тытульнае нацыі краіны мусіць
клапаціцца ня толькі нашая грамадзкая арганізацыя, а ў першую чаргу – дзяржаўная
ўлада, бо справа гэтая ў любой цывілізаванай краіне сьвету нашмат больш
дзяржаўная, чым грамадзкая. Мяркуем, што сярод 112-ці грамадзкіх арганізацыяў,
што лічацца ўдзельнікамі дыялёгу, знойдуцца пажаданыя стварыць экспэртавую
групу ў гэтым, надзвычай актуальным у жыцьці нашае краіны, пытаньні. І
тады прадстаўнікі ТБМ абавязкова аозьмуць удзел у яе працы”.
Гэткім чынам, як вынікае са словаў спадара Трусава, само ТБМ не зьбіраецца
ствараць у рамках афіцыйнага “дыялёгу” прапанаванае спадаром Посахавым
экспэртавае групы, але ўпэўненае, што на паседжаньні “дыялёгу” ходзіць
каля дзясятка прадстаўнікоў тых грамадзкіх ды палітычных структураў, якія
маглі б такую групу стварыць. І калі яны афіцыйна абвесьцяць пра намер
абмяркоўваць з кіраўніцтвам краіны пытаньні наданьня роднае мове рэальнага
статусу дзяржаўнай, а таксама неадкладнага адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту,
дык гэта будзе азначаць, што на “дыялёгу” ёсьць сілы, зь якімі можна весьці
канструктыўную гаворку. Што й будзе ўмоваю вяртаньня ТБМ у гэтак званы
“дыялёг”.
Далей у лісьце спадару Посахаву сакратарыят ТБМ заяўляе пра сваю гатоўнасьць
да асабістых сустрэчаў з прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны дзеля абмеркаваньня
пытаньняў статусу мовы, а таксама дзеля перадачы сабраных у падтрымку адкрыцьця
нацыянальнага ўнівэрсытэту подпісаў.
Іх, дарэчы, сабрана каля 28 тысячаў. 7 тысячаў зь іх раней перададзена
міністру адукацыі Васілю Стражаву. Міністар тады зрэагаваў на іх фактычнай
адмоваю, таму 21 тысячу подпісаў ТБМ’аўцы хочуць перадаць асабіста кіраўніцтву
адміністрацыі прэзыдэнта, у чыіх руках і знаходзіцца цяпер лёс ідэі Нацыянальнага
ўнівэрсытэту.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1