Возера Сьвіцязь, апетае Адамам Міцкевічам, аддадзенае наваградзкімі
ўладамі Беларускай чыгунцы як рыбагаспадарчы вадаём. Тэрмін арэнды – 10
гадоў. Гэтая падзея выклікала занепакоенасьць людзей, у прыватнасьці, у
самім Наваградку.
Што будзе з возерам, калі ў ім пачне гаспадарыць Баранавіцкі аддзел
Беларускае чыгункі? Які будучы лёс унікальнага возера? Наваградцаў гэта
вельмі непакоіць.
У апошнім нумары раённае газэты “Новае жыццё” зьмешчаныя лісты чытачоў,
якія выказваюць занепакоенасьць сваіх знаёмых і сяброў па працы. “Перадалі
– а што далей?” – такі загаловак аднаго зь лістоў. У іншым возера Сьвіцязь
называецца “наваградзкай Аляскаю”. У раённым выканкаме нэгатыўна паставіліся
да публікацыяў.
Я размаўляў па тэлефоне з рэдактарам газэты Васілём Кузьмічом. Ён сказаў
наступнае: рашэньне пра перадачу возера ў арэнду публічна аніяк не абгрунтоўвалася.
Наваградцаў насьцярожыла, што Сьвіцязь была афіцыйна названая рыбагаспадарчай
сажалкаю, хоць рыбы там адмыслова ніколі не разводзілі. Чытачы газэты баяцца,
што выгоды атрымае толькі чыгунка, а для мясцовых жыхароў – для якіх возера
было заўжды ўлюбёным месцам адпачынку – будуць уведзеныя абмежаваньні ў
доступе да Сьвіцязі.
На падставе публікацыі будзе зроблены запыт у Баранавіцкі аддзел чыгункі,
– сказаў рэдактар газэты. – Хай яны патлумачаць жыхарам раёну, якія рэальныя
зьмены адбудуцца на возеры.
Загадчык раённага аддзелу прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя
Сяргей Стромскі патлумачыў карэспандэнту “Свабоды”, што ўсе азёры, у якіх
жыве рыба, афіцыйна называюцца “рыбагаспадарчымі”. Аднак, маўляў, колькасьць
рыбы ў возеры павялічваць ня будуць, проста зробяць платныя ліцэнзіі для
аматараў-рыбалоўцаў, а таксама добраўпарадкуюць возера й будуць даглядаць
яго, і яно павінна застацца толькі зонаю адпачынку – у чыгунцы ёсьць на
ўсё грошы…
У Наваградзкім раёне, між іншым, чыгункі няма ўвогуле, але чыгуначнікі
не зьнянацку атрымалі ў арэнду Сьвіцязь – займаліся яны гэтым даўно й мэтаскіравана.
Год назад – 25 чэрвеня – сэсія Наваградзкага раённага савету зацьвердзіла
папярэднія дзеяньні выканаўчае ўлады “аб пераўтварэнні калгаса “Свіцязь”
у агра-гандлёвае прадпрыемства “Свіцязь” і аб уключэнні яго ў склад Беларускай
чыгункі”. Праз паўгода старшыня выканкаму Анатоль Ліс задаволена канстатаваў,
што чыгунка ўклала ў калгас больш за 100 млрд. рублёў.
Апроч таго, чыгунка дамаглася й перадачы ад прафсаюзаў адзінага пансыянату
“Свіцязь”, які знаходзіцца на возеры. Аднак і гэтага чыгуначнікам здалося,
што замала – яны захацелі атрымаць дзяржаўны заказьнік “Свіцязянскі” разам
з возерам.
Сэсія раённага савету, аднак, не дала дазволу – трэба, маўляў, яшчэ
дадаткова вывучыць пытаньне. Гэта было 9 сьнежня летась.
Сяргей Стромскі, загадчык аддзелу прыродных рэсурсаў і навакольнага
асяродзьдзя, паведаміў мне, што высьветлілася тады наступнае – Лясны кодэкс
пакуль не дазваляе перадаваць заказьнік чыгунцы. Таму чыгуначнікі папрасілі
хаця б возера.
З возерам апошняя чэрвеньская сэсія раённага савету вырашыла – дазволіць
перадачу ў арэнду, але з умоваю кантролю з боку дэпутатаў. Дарэчы, на сэсіі
адбылася даволі гарачая дыскусія – дэпутаты сумняваліся, калі возера аддалі,
– цікава, якую ж карысьць будзе мець мясцовая ўлада ад такой арэнды? Напэўна,
немалыя грошы.
Не магу вам зараз сказаць дакладна,– прызнаўся мне Сяргей Стромскі,–
але сума гэтая невялікая, прыблізна, мінімалак дзесяць у год.
Сяргей Астраўцоў, Горадня
Самае папулярнае
1