Заўтра ў Менску адбудзецца перазахаваньне даваеннага начальніка ўправы
НКВД-НКГБ Менскае вобласьці капітана Арцемія Васілеўскага.
Беспрэцэдэнтная акцыя беларускіх спэцслужбаў распачнецца а 1-й гадзіне
дня мітынгам у памяшканьні клюбу імя Дзяржынскага, а потым працэсія рушыць
у бок Маскоўскіх могілак, дзе адбудзецца пахаваньне парэшткаў супрацоўніка
карных ворганаў. Разам з Васілеўскім будзе пахаваны ягоны ад’ютант малодшы
сяржант ГБ Ўладзімер Лявошка.
Парэшткі, якія маглі б належаць супрацоўнікам НКВД, былі знойдзеныя
ў вёсцы Коскі Талачынскага раёну. Больш за год вялася ідэнтыфікацыя, і
цяпер у КГБ ўпэўненыя, што знойдзены менавіта Васілеўскі ды ягоны ад’ютант.
Абодва былі зьнішчаныя ў лістападзе 1941 году, калі, адбіўшыся ад сваіх,
зьбіраліся перазімаваць у нямецкім тыле.
Амаль 60 гадоў парэшткі супрацоўнікаў КГБ праляжалі ў зямлі. Але сёньняшнія
пасьлядоўнікі Васілеўскага палічылі, што начальнік ўправы НКГБ Менскае
вобласьці, які ў 30-я гады меў непасрэднае дачыненьне да масавых палітычных
рэпрэсіяў у Беларусі, варты пахаваньня на самых прэстыжных у Беларусі Маскоўскіх
могілках. Косткі растраляных чэкістамі – калегамі Васілеўскага – у Курапатах
свайго ўшанаваньня пакуль яшчэ чакаюць.
Заўтра мы паведамім, як праходзіла перазахаваньне даваеннага начальніка
НКВД Менскае вобласьці Арцемія Васілеўскага.
Самае папулярнае
1