Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Год таму селянін зь вёскі Выгар Лагойскага раёну Лявон Валуй, што вядомы нашым слухачам шматгадовай барацьбою супраць местачковых чыноўнікаў за права стварыць фэрмэрскую гаспадарку, атрымаў у пажыцьцёвую арэнду 10-гэктарны надзел зямлі. Але празь цяганіну мясцовых чыноўнікаў Лявон Валуй дагэтуль ня можа распачаць апрацоўку набытае зямлі.

Учора Лявон Валуй чарговы раз цягам апошняга паўгода наведаў Лагойскі раённы выканкам дзеля атрыманьня рэгістрацыйнага пасьведчаньня пра наданьне статусу юрыдычнай асобы ягонай фэрмэрскай гаспадарцы. Але чыноўнікі зноў паведамілі, што раней пачатку восені ягоная справа наўрад ці вырашыцца.

Калі фэрмэр выйшаў на вуліцу з будынку раённай адміністрацыі, я папрасіў яго патлумачыць, чаму ён так сьпяшаецца набыць для сваёй гаспадаркі статус юрыдычнай асобы?

(Валуй: ) “Калі я набуду такое права, дык я магу браць пазыку ў дзяржавы, маю права на правядзеньне ўсіх камунікацыяў… А калі я ня буду мець, дык я ўвогуле ня буду мець аніякага права. Ані будавацца, анічога”.

Як зазначыў Лявон Валуй, асабліва драматычныя падзеі ён перажыў пасьля надыходу 2000 году. Перад тым ён аформіў пакет неабходных дакумэнтаў, у тым ліку тыя, што патрэбныя, каб адкрыць рахунак у банку. Але з новага году пачалася перарэгістрацыя суб’ектаў гаспадараньня паводле апошняга распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, і Лявону давялося рыхтаваць яшчэ адзін стос дакумэнтацыі.

Іншы раз справа даходзіла да анэкдоту, – зазначыў вясковец: “Сказалі – празь месяц будзе рэгістрацыя. Празь месяц мне абвяшчаюць, што трэба даведка з пашпартнага стала, што мой пашпарт …сапраўдны”.

Тым часам, пакуль спэцыялісты крымінальнага вышуку ў сваіх лябараторыях праводзілі экспэртызу пашпарта спадара Валуя, мінулі тэрміны апрацоўкі зямлі. Селянін жа бяз выдачы рэгістрацыйнага пасьведчаньня ня мог адкрыць банкаўскі рахунак ды ўзяць належныя крэдыты дзеля набыцьця трактара, прычапнога інвэнтару й насеньня.

“А зямля… Два гады ёю не карыстаўся калгас да выдзяленьня мне. Аднак у мяне, акрамя голых рук, нічога няма… Працягвае расьці пустазельле”, – прызнаўся Лявон Валуй і паведаміў: у раёне зь 15-ці фэрмэрскіх гаспадарак, створаных у 1991 годзе, на сёньняшні дзень засталося толькі дзевяць.

Алесь Мікалайчанка, Лагойск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG