Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адбылося паседжаньне арганізацыйнага камітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Зь пяці пытаньняў, што плянавалася разьгледзіць, за паўтары гадзіны было абмеркавана толькі адно – праекты тэкстаў выніковых дэклярацыяў КДС. Але нават па ім канчатковае рашэньне так і не было прынятае.

Сёньняшняе паседжаньне арганізацыйнага камітэту выклікала ў прадстаўнікоў палітычных партыяў, рухаў і грамадзкіх арганізацыяў значна большую увагу, чым папярэдняе.

Асноўная дыскусія разгарнулася вакол тэксту рэзалюцыі пра палітычную сытуацыю. У праекце падкрэсьліваецца, што “адзінства ў дзеяньнях усіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў зьяўляецца важнай умоваю для перамогі над дыктатураю”. Тэкст праекту рэзалюцыі пра палітычную сытуацыю сканчваецца заклікам да прадстаўнікоў палітычных партыяў пераадолець разнагалосьсі ды асабістыя амбіцыі дзеля аб’яднаньня “ўсіх здаровых сілаў”.

Непасрэдна на паседжаньні прафэсар Аляксандар Патупа прапанаваў новы варыянт рэзалюцыі:

(Патупа: ) “Патрэбна мець непасрэдную заяву наконт удзелу ў гэтым выбарчым працэсе, які базуецца на канстытуцыі 96-га году. Вось гэта трэба заявіць, каб мець тыя ці іншыя наступныя крокі. Патрэьбна толькі адное бачыць – некантралюемасьць прэзыдэнцкае ўлады, і адсутнасьць нейкіх рэальных паўнамоцтваў парлямэнту, празь якія ён мог бы кантраляваць тыя ці іншыя крокі прэзыдэнцкай улады. У гэтай сытуацыі немагчыма йсьці на выбары. Наступны крок, вельмі цікавы, – гэта заява наконт “прэзыдэнтцва” Аляксандра Рыгоравіча. На маю думку, Кангрэс павінен выказаць свае адносіны да гэтага “прэзыдэнтства”, – і гэта ёсьць дамінантаю ў маёй прапанове ў справе заявы”.

У праекце рэзалюцыі пра адносіны да выбараў, меншай паводле аб’ёму, але больш істотнай у значэньні, гаворыцца, што дэмакратычныя сілы возьмуць удзел у парлямэнцкіх выбарах пры ўмове, што яны будуць мець доступ да дзяржаўных мэдыяў, а таксама ў разе спыненьня палітычных рэпрэсіяў, наданьня будучаму парлямэнту рэальных паўнамоцтваў і дапасаваньня выбарчага заканадаўства да эўрапейскіх стандартаў.

Сябры аргкамітэту прапанавалі ўхваліць два, замест плянаванага аднаго, праекты рэзалюцыі пра адносіны да выбараў. Старшыня Нацыянальнага Выканаўчага камітэту Мечыслаў Грыб згодны з такім варыянтам:

(Грыб: ) “Што датычна прыняцьця двух рэзалюцыяў – таксама ня бачу анічога дрэннага ў гэтым, гэта таксама магчыма, але галоўнае, каб гэтыя рэзалюцыі не былі розныя між сабою. Зразумела, што трэба для сьвету адныя крытэры, адныя падыходы. Што трэба для нашых жыхароў – тое трэба і ім сказаць, можа больш простай, больш даступнай моваю, каб яны зразумелі. Каб не было толькі двух стандартаў”.

Прапанова Аляксандра Патупы ды ідэя дзьвюх рэзалюцыяў пра стаўленьне да выбараў разглядаліся асобна яшчэ й сябрамі рэдакцыйнае камісіі, адразу ж па сканчэньні паседжаньня арганізацыйнага камітэту.

Хутчэй за ўсё, канчатковыя варыянты праектаў рэзалюцыяў будуць ухваленыя на, магчыма апошнім, паседжаньні арганізацыйнага камітэту ў справе правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якое адбудзецца ў гэтую пятніцу.

Ягор Маёрчык, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG