У Пінску больш як на тры тыдні затрымліваюць выплату травеньскага заробку
супрацоўнікам мэдычных установаў. Нягледзячы на абяцаньні мясцовых уладаў,
у бліжэйшы час сытуацыя наўрад ці выправіцца. У знак пратэсту мэдработнікі
адмаўляюцца ехаць у калгасы на нарыхтоўку кармоў.
На сёньняшні дзень запазычанасьць гарадзкога бюджэту перад мэдыкамі
толькі ў заробку складае больш за 67 мільёнаў рублёў.
На мінулым тыдні лідэры афіцыйных прафсаюзаў мэдычных установаў гораду
сустрэліся са старшынём гарадзкога выканкаму Васілём Шустом і ягоным намесьнікам,
якія паабяцалі выплаціць травеньскія заробкі да 1 ліпеня.
Аднак, як нам паведамілі ў гарадзкім фінансавым аддзеле, гэта наўрадці
магчыма, бо з прадпрыемставаў гораду паступае вельмі мала сродкаў, а абласны
бюджэт сёлета ў Пінск грошай не дае. Тое, што атрымліваецца назьбіраць,
накіроўваюць на самае неабходнае – прыкладам, на харчаваньне ў дзіцячых
садкох, дзе дзяцей зараз няма чым карміць.
Мэдработнікам часам пералічваюць грошы невялічкімі часткамі. Прыкладам,
учора работнікі гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэру замест заробку
атрымалі па 2-3 тысячы рублёў. Калі будзе рэшта – невядома.
У мэдычных установах вельмі бракуе хірургічных інструмэнтаў, перавязных
матэрыялаў ды нават самых простых і танных лекаў.
Сьвятлана Турбалава, прафсаюзны лідэр мэдработнікаў гораду, паведаміла
нашаму радыё, што ўсё ж спадзяецца, што заробкі да канца тыдня будуць выплачаныя.
А калі не, дык мэдработнікі будуць “прадпрымаць дзеяньні”, але якія канкрэтна
– будзе вядома пасьля 1 ліпеня.
Але ўжо зараз мэдработнікі пратэстуюць, адмаўляючыся ехаць у калгасы
на нарыхтоўку сена. Яўген Тацуха, галоўны лекар найбольш буйное мэдычнае
ўстановы гораду – Пінскае гарадзкое больніцы, у якой працуе больш за 1000
чалавек, напярэдадні заявіў на мясцовай тэлевізіі, што разумее сваіх падначаленых
і калегаў, якія ня хочуць касіць сена ў час, калі грошай няма нават на
ежу.
Дарэчы, сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам хірургі ды мэдсёстры з
гарадзкой больніцы павінны нарыхтаваць сена ў 2 разы болей – 231 тону.
Такім чынам, калі ўлады да канцу тыдня ня знойдуць сродкаў на заробкі
мэдработнікам, тыя могуць адмовіцца ня толькі касіць, але й выконваць сваю
непасрэдную працу.
Аляксей Дзікавіцкі, Пінск
Самае папулярнае
1