Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На паседжаньні Вышэйшае дзяржаўнае Рады саюзу Беларусі й Расеі, якое прайшло сёньня ў Маскве, быў зацьверджаны саюзны бюджэт. Бакі таксама дамовіліся ўзгадняць свае замежнапалітычныя дзеяньні.

Гэтае паседжаньне – першае, у якім Уладзімер Пуцін удзельнічаў у якасьці прэзыдэнта Расеі. Напачатку сустрэчы кіраўнікі абедзьвюх дзяржаваў не шкадавалі ўзьнёслых словаў.

Уладзімер Пуцін сказаў: “Зараз закладаецца падмурак новае саюзнае дзяржавы. Важна, каб з самага пачатку нашая праца вызначалася ня колькасьцю падпісаных дакумэнтаў, а рэальнымі справамі ў стварэньні саюзнае дзяржавы, пра якую мы шмат гаворым, да чаго імкнемся”.

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, сёньняшняя сустрэча павінная была стаць лёсавызначальнаю:

(Лукашэнка: ) “Ад прынятых сеньня рашэньняў шмат у чым будзе залежыць лёс дамовы. Ці стане тое, што намечана ў ёй, рэчаіснасьцю, ці дамова ператворыцца ў дэклярацыю пра добрыя намеры. На жаль, не заўсёды бывае так, як хацелася б. Жыцьцё ўносіць карэктывы, але на тое мы і ёсьць, каб вузкія мейсцы ліквідаваць і дынамічна рухацца наперад”.

Але вынікі так урачыста прадстаўленага паседжаньня атрымаліся не зусім пэўныя. Галоўнае пытаньне – зацьверджаньне шматпакутнага саюзнага бюджэту – было пасьпяхова вырашанае. Але справа гэтая зусім руціная, да таго ж памер бюджэту – 2,23 мільярды расейскіх рублёў – не дае магчымасьці гаварыць пра нейкі інтэграцыйны прарыў.

Напярэдадні сустрэчы Пуцін падкрэсьліў, што ўзгодненныя дзеяньні Беларусі й Расеі ў замежнай палітыцы – “гэта йстотны фактар, зь якім шмат хто вымушаны лічыцца”. Але пасьля завяршэньня размовы расейскі прэзыдэнт нагадаў, што саюз ня ставіць на мэце правядзеньне адзінае замежнае палітыкі, бо дамоваю прадугледжанае захаваньне сувэрэнітэтаў абедзьвюх краінаў, гэта значыць і сувэрэннай замежнае палітыкі.

Акцэнт, зроблены Пуціным на супрацоўніцтва менавіта ў сфэры замежнае палітыкі, вельмі паказальны. Пэўная міжнародная ізаляцыя Масквы зараз навідавоку, але чым у вырашэньні гэтае праблемы ёй можа дапамагчы Беларусь? Нездарма Пуцін спаслаўся толькі на тое, што Беларусь дапамагае Расеі ў руху недалучэньня.

Больш цікавай падаецца спасылка расейскага лідэра на тое, што абедзьве краіны ў саюзе застаюцца незалежнымі. Ці гэта папярэджаньне беларускаму сябру, каб ён ня надта імкнуўся гаварыць і дзейнічаць ад імя саюзу, ці сігнал Захаду, што Масква на беларускі сувэрэнітэт спакушацца не зьбіраецца.

Падаецца, і сам Лукашэнка зразумеў, што яго роля ў саюзе зрабілася больш сьціплаю. Напярэдадні “Советская Белоруссия” анансавала, што сэнсацыяй паседжаньня Вышэйшае дзяржаўнае Рады саюзу можа стаць справаздача Лукашэнкі пра ход выкананьня дамовы ў стварэньні саюзнае дзяржавы. Але, прыехаўшы ў Маскву, Лукашэнка быў вельмі стрыманы ў ацэнках, адзначыўшы, што “ў Расеі з разуменьнем ставяцца да складаных інтэграцыйных працэсаў”.

Са сваёй справаздачаю кіраўнік Беларусі выступіў за зачыненымі дзьвярыма, паседжаньне зацягнулася больш за заплянаваны час. Пасьля завяршэньня нарады Ўладзімер Пуцін падзякаваў Лукашэнку за “разгорнуты аналіз” і дадаў, што рэакцыя на гэты аналіз была дзелавою.

Варта адзначыць, што прынамсі публічна ані Лукашэнка, ані Пуцін не закраналі найбольш вострых пытаньняў: пра ўвядзеньне адзінае валюты й стварэньне рэгіянальнае супольнае вайсковае групоўкі. Магчыма, яны ўсё ж закраналіся пад час закрытага паседжаньня, але бакі вырашылі пакуль не выносіць прынятыя рашэньні на шырокую публіку. Грозныя заявы Лукашэнкі пра 300-тысячную групоўку хутчэй сталі галаўным болем для Расеі, чым умацавалі яе абароназдольнасьць.

Пасьля завяршэньня паседжаньня дзяржаўнае Рады саюзу адбылася прыемная для кіраўніка Беларусі цырымонія – патрыярх Маскоўскі і Ўсея Русі Алексі II ўзнагародзіў яго прэміяй імя сьвятых Кірыла й Мятода. Лукашэнка заявіў, што Беларусь, незалежна ад таго, хто будзе ёю кіраваць, будзе заўсёды апірышчам расейцаў і фарпостам праваслаўя на Захадзе. Ужываньне ваенага тэрміну “фарпост” тлумачыцца, мабыць, тым, што, уражаны перамовамі ў Крамлі, ляурэат пераблытаў праваслаўе з рэгіянальнаю вайсковаю групоўкаю.

Юры Дракахруст, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG