Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў Менску а 18-й гадзіне на пляцы Бангалёр сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў праводзілі пікет у абарону незалежнай прэсы.

Насупраць рэстарацыі “McDonald’s” сабралася вялікая колькасьць журналістаў. Яны разгарнулі плякаты. Зьмест іх быў наступны: “Не дачакаецеся!”, “Не пішыце, не крытыкуйце, не кажыце – і вас не засудзяць”, “Паліцэйскай дзяржаве – НЕ!”, “Дзяржаўным і незалежным СМІ – роўныя эканамічныя ўмовы”.

На пікеце журналісты паставілі імправізаваную сьцяну з намаляванымі цаглінкамі й з выразаным акенцам з кратамі. На ёй напісана: “Сьцяна галоснасьці”. Побач са сьцяною паставілі скрыні з лапшою…

(голас: ) “Бясплатная лапша для электарата – падхадзі, налятай!”

Уладзімер Дзюба, адзін з арганізатараў пікету, распавёў пра мэту гэтай акцыі:

(Дзюба: ) “Галоўная мэта гэтага пікету – гэта зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, што прыціскаюцца незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Калі коратка сказаць: “супраць эканамічнае дыскрымінацыі і праўнага бязьмежжа, якое чыніцца адносна незалежных сродкаў масавай інфармацыі”.

На пікет прыйшлі й замежныя журналісты. Гаворыць Любамір Гомбаш са славацкай газэты “Смэ”:

“Я прыйшоў на гэты пікет, каб падтрымаць беларускіх журналістаў. Афіцыйныя ўлады падманваюць беларускі народ. Мне самому ў гэтай краіне вельмі цяжка атрымаць інфармацыю ад афіцыйных уладаў”,

– казаў Любамір Гомбаш.

На пікеце прысутнічала прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Ёй слова:

(Літвіна: ) “Гэта яшчэ адная форма пратэжсту супраць таго, што сёньня адбываецца зь недзяржаўнай прэсаю. Я дазволю сабе проста ў чарговы раз пералічыць нашыя самыя балючыя праблемы. У першую чаргу, гэта праблемы, зьвязаныя з перарэгістрацыяй рэдакцыйных калектываў, з рэгістрацыяй новых… Гэта – нашае патрабаваньне ў стварэньні аднолькавых эканамічных умоваў для дзейнасьці недзяржаўнае прэсы. Гэта наш пратэст супраць адмаўленьня ў інфармацыі. То бок, мы за адкрыты доступ да інфармацыі – на сёньня асабліва патрэбнае грамадзянам нашай краіны…

Вось у такой – напаўжартаўлівай форме… Не заўсёды, відаць, варта неяк так сувора змагацца з наступамі на прэсу. А вось – у такой форме, з раздачай лапшы “электарату нашаму” БАЖ і выйшаў на пляц”.

Бальшыня мінакоў падыходзілі й падтрымлівалі журналістаў, але лапшу браць адмаўляліся. Толькі бамжы былі вельмі ўдзячныя журналістам за нечаканы пачастунак.

Любоў Лунёва, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG