На канфэрэнцыі акрэдытаваны карэспандэнт нашага радыё Джэрэмі Бранстэн.
Мы папрасілі яго пракамэнтаваць сустрэчу Мэдлін Олбрайт з прадстаўнікамі
беларускай апазыцыі. Нагадаем, што гэтая сустрэча адбывалася ў той час,
як афіцыйная беларуская дэлегацыя была дэманстратыўна не запрошаная на
форум.
(Карэспандэнтка: ) “Ці былі ў Мэдлін Олбрайт яшчэ падобныя сустрэчы,
ці гэтае спатканьне – выключэньне?”
(Бранстэн: ) “Паколькі я ведаю, гэта было выключэньне. Цікавая рэч сёньня
здарылася ў сувязі з тым, што зьявілася афіцыйная ўрадавая дэлегацыя з
Пэру, хаця Пэру была зьнятае са сьпісу запрошаных ў выніку сфальшаваных
выбараў у той краіне. Тым ня менш, дэлегацыя з Пэру вырашыла прыехаць і
яна была прайгнараваная.
Зь Беларусі не было афіцыйнае ўрадавае дэлегацыі, але гэтая апазыцыйная
дэлегацыя прыехала. І як яны мне адзначылі – гэта быў вялікі гонар, што
Мэдлін Олбрайт пагадзілася зь імі спаткацца. І яны мне сказалі, што былі
вельмі задаволеныя сустрэчаю – яны атрымалі маральную падтрымку і запэўніваньні
з боку Олбрайт, што Злучаныя Штаты ня будуць прызнаваць выбары, праведзеныя
Лукашэнкам. Так што вынік гэтае сустрэчы нядрэнны”.
(Карэспандэнтка: ) “Ці вядомы ўжо зьмест рэзалюцыі, якая мае быць прынятая
на канфэрэнцыі?”
(Бранстэн: ) “Не, пакуль што тэкст дэклярацыі засакрэчаны, але нават
цяпер відавочна, што спатрэбіцца кампраміс і ня будзе аніякіх катэгарычных
заяваў. Праблемаю застаецца пытаньне нацыянальнага сувэрэнітэту. Пытаньне
– калі парушэньне правоў чалавека апраўдвае ўмяшаньне з боку міжнароднае
супольнасьці. Да гэтага часу прынцып умяшаньня прыкладаўся даволі няроўна
– ён ужываўся ў Косаве, але не ў Чачні, напрыклад. І не выглядае, што ўдзельнікі
канфэрэнцыі вырашаць гэтую праблему”.
Пытаньні задавала
Алена Радкевіч, Прага
Алена Радкевіч, Прага