Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ ня будзе браць удзелу ў Кангрэсе
дэмакратычных сілаў Беларусі, правядзеньне якога заплянаванае на 2-га ліпеня
ў Менску…
Пра гэта гаворыцца ў звароце, падпісаным кіраўніком партыі Зянонам Пазьняком
і адказным сакратаром Управы Анатолем Крываротам. “Скліканьне пад час падрыхтоўкі
да Ўсебеларускага зьезду Кангрэсу з паралельнымі задачамі – гэта мэтанакіраваная
дзейнасьць у справе дэвальвацыі самой ідэі гэтай вялікай грамадзкай ініцыятывы”
– гаворыцца ў звароце. Сытуацыю камэнтаруе адказны сакратар Управы БНФ
Анатоль Крыварот:
(Крыварот: ) “Мы ня супраць правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
І кожныя сілы маюць права праводзіць і кангрэсы, і зьезды. Але ў той сытуацыі,
калі 29 ліпеня адбудзецца Ўсебеларускі зьезд у абарону незалежнасьці, –
будзем лічыць, што гэта галоўнае мерапрыемства ў апошнія месяцы – любыя
спробы правесьці іншае мерапрыемства адцягваюць увагу і міжнароднай супольнасьці,
і беларускага грамадзтва ад Усебеларускага зьезду ў абарону незалежнасьці
Бацькаўшчыны. Любыя спробы прынізіць значэньне Ўсебеларускага зьезду мы
разглядаем як супрацьдзеяньне нацыянальнаму вызвольнаму руху і наагул нацыянальным
інтарэсам Беларусі. Гэта рашэньне прымалася на сойме”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці ўсе сябры сойму былі згодныя з такім рашэньнем?”
(Крыварот: ) “Так, гэтае рашэньне было прынятае адзінагалосна. Падтрымалі
практычна ўсе сябры партыі, кіраўнікі нашых структураў і рады”.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, спадар Крыварот, Вы гаворыце, што Кангрэс
дэмакратычных сілаў адцягне ўвагу ад Усебеларускага зьезду за незалежнасьць.
Ці варта, ці можна ўвогуле гаварыць пра канкурэнцыю ў справе правядзеньня
форумаў дэмакратычных сілаў?”
(Крыварот: ) “Ініцыятыва правядзеньня Ўсебеларускага зьезду прымалася
яшчэ ўвесну. Ідзе вельмі напружаная праца: мы падтрымліваем на месцах дзеяньні
грамадзянаў для вылучэньня дэлегатаў на зьезд. Справа ў тым, што Кангрэс
абвесьцілі месяц назад. Ці можна дэмакратычна сабраць і правесьці такое
мерапрыемства за месяц? Канешне, калі сабраць явачным парадкам, дык можна
і 2 тысяча, і 3 тысячы, і 20 тысячаў можна сабраць. Можна на плошчы правесьці
Кангрэс дэмакратычных сілаў. Але для чаго ён? Каб прыняць рашэньне аб няўдзеле
ў выбарах? Гэта павінна прыняць кожная партыя. Якая зараз можа быць іншая
справа, як не бараніць незалежнасьць Бацькаўшчыны? Я ня бачу больш значнай
для палітычных партыяў справы. Нашая партыя не ўваходзіць у аб’яднаную
апазыцыю, якая выступіла ініцыятарам правядзеньня Кангрэсу. Іхная справа.
Але ж мы памятаем, як напярэдадні Дзядоў мінулагодніх акцыя 17-га кастрычніка
практычна сарвала Дзяды. Мы ведаем, што 15 сакавіка, калі праводзіўся Марш
нумар 2, ён практычна паставіў пад зрыў 25-га сакавіка. Гэта найвялікшае
сьвята беларусаў. Мы ж павінныя аналізаваць тэндэнцыі, бачыць тэндэнцыі”.
Гутарыла Вольга Караткевіч
Самае папулярнае
1