Сёньня суд Кастрычніцкага раёну Магілеву пачаў разгляд справы паводле
позвы гарадзкой пракуратуры да кіраўнікоў суполкі Свабоднага прафсаюзу
на Магілеўскім аўтазаводзе – Ігара Бугрова і Алены Ўліцінай.
Ініцыятыва ўзбуджэньня адміністрацыйнай справы зыходзіла ад старшыні
дзяржаўнага прафкаму аўтазаводу Васіля Цітова. Ён абвінаваціў сваіх канкурэнтаў
у правапарушэньнях.
Як заявіў Ігар Бугроў, менавіта старшыня камітэту дзяржаўнага прафсаюзу
з дапамогай дырэктара прадпрыемства накіраваў ліст у пракуратуру. Пасьля
гэтага ейныя прадстаўнікі былі вымушаныя пачаць праверку. Адказчыкаў абвінавацілі
“у ажыцьцяўленьні дзейнасьці арганізацыі, якая не прайшла ў вызначаным
парадку рэгістрацыю”.
Аднак, Свабодны прафсаюз аўтазаводу ня стаў на ўлік у гарвыканкаме менавіта
таму, што дырэктар прадпрыемства адмовіўся прадставіць памяшканьне для
юрыдычнага адрасу арганізацыі.
Першапачаткова судзьдзя Каласоўскі не пажадаў задаволіць хадайніцтва
адказчыкаў аб іхных прадстаўніках, але ж пасьля тлумачэньня юрыстаў зьмяніў
увласнае рашэньне. Абараніць інтарэсы Ігара Бугрова і Алены Ўліцінай узяліся
юрысты Свабоднага прафсаюзу Сьвятлана Ўэльская і Аляксандар Каралёў, а
таксама дырэктар Магілеўскага праваабарончага цэнтру Сяргей Абадоўскі.
На судзе прысутнічала і прадстаўніца АБСЭ Бэата Разуміловіч – як яна патлумачыла,
з мэтай аналізу стану захаваньня законнасьці ў Беларусі.
Аўдыторыя была досыць прадстаўнічай: журналісты, рабочыя, паліткі, грамадзкія
дзеячы, а таксама кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў. Такая ўвага
да гэтай справы зразумелая: адміністрацыйнае пакараньне лідараў Свабоднага
прафсаюзу Магілеўскага прадпрыемства дасьць падставы для ціску на ўсе арганізацыі,
якія ня сталі на ўлік у гарвыканкаме. А ў Магілеве ўсе першасныя арганізацыі
СПБ, за выключэньнем адной, апынуліся ў такім жа становішчы.
У якасьці доказу незаконнай дзейнасьці пракуратура прадставіла суду
інфармацыйны бюлетэнь прафсаюзу №12 ад 5 чэрвеня, а таксама пратакол нечарговай
канфэрэнцыі арганізацыі. У бюлетэні пад назовам “Шанец для дырэктара Лакіза”
кіраўніка прадпрыемства жорстка крытыкавалі за ўціск незалежных прафсаюзаў,
што, відаць, і выклікала ягоны гнеў. Пратакол канфэрэнцыі зафіксаваў шматлікія
парушэньні працоўнага заканадаўства і калектыўнай дамовы – у першую чаргу,
сыстэматычныя запазычанасьці з выплатай заробку. Менавіта гэтыя паперы
адміністрацыя аўтазаводу палічыла доказам незаконнай дзейнасьці прафсаюзу.
Абаронцы даводзілі, што дзейнасьць першаснай прафсаюзнай арганізацыі
аўтазаводу цалкам законная, бо Свабодны прафсаюз, паводле прэзыдэнцкага
дэкрэту, прайшоў перарэгісторацыю ў Міністэрстве юстыцыі. Узгадвалі факты
затрымак з разглядам дакумэнтаў, бо Свабодны прафсаюз аўтазаводу яшчэ летась
увосень накіраваў адпаведныя дакумэнты ў ворганы ўлады. Судовае паседжаньне
было перанесенае на 23 чэрвеня.
Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў
Самае папулярнае
1