22 чэрвеня гэтак званая “Палата прадстаўнікоў” адзінагалосна адразу
ў двух чытаньнях без усялякіх уласных зьменаў прыняла заканапрэкті, які
тычыцца зьменаў і дадаткаў да Выбарчага кодэксу, заснаваных на рэкамендацыях
гэтак званага “грамадзкага дыялёгу”. Нават асобныя дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў”
прызнаюць, што гэтыя зьмены ў Выбарчы кодэкс неістотныя.
Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына зазначыла, што Лукашэнкам былі
ўлічаныя 9 з 16 паправак, прапанаваных гэтак званым “дыялёгам”. Гэтыя папраўкі
акрэсьліваюць правы назіральнікаў, неабходнасьць дэкляраваньня даходаў
і маёмасьці для кандыдатаў, пэўным чынам рэглямэнтуюць датэрміновае галасаваньне.
Аднак, не ўвайшлі ў гэты заканапраект самыя істотныя рэкамэндацыі, выпрацаваныя
ад імя “дыялёгу”. А менавіта: палажэньні пра рэзэрваваньне за палітычнымі
партыямі трэцяй часткі складу выбарчых камісіяў, пра памяншэньне планкі
абавязковай яўкі выбаршчыкаў з 50 да 25 адсоткаў, пра права назіральнікаў
атрымліваць завераныя копіі пратаколаў вынікаў галасаваньня і пра адмену
датэрміновага галасаваньня. Гэта значыць, што ўсе намаганьні зрабіць выбары
больш празрыстымі й дэмакратычнымі, якія рабілі Алена Скрыган, Вольга Абрамава,
Уладзімер Гудзееў у часе гэтак званага “дыялёгу”, аказаліся марнымі.
Пракамэнтаваць прынятыя сёньня папраўкі ў Выбарчы кодэкс мы папрасілі
менскага палітоляга Аляксея Караля.
На вашую думку, наколькі аблегчыць удзел у выбарах для незалежных ці
партыйных кандыдатаў праэкт Закону аб зьменах у Выбарчы кодэкс?
(Кароль: ) “На мой погляд, тыя зьмены, якія ўнесеныя прэзыдэнцкім бокам
для разгляду Палатай прадстаўнікоў, ніколькі не аблягчаюць і не даюць ніякіх
істотных падставаў лічыць, што прадстаўнікам партыяў і незалежным кандыдатам
будуць стварацца больш спрыяльныя ўмовы для ўдзелу ў выбарах. Зробленыя
гэтыя саступкі дзеля таго, каб прадэманстраваць яшчэ раз перад міжнароднай
супольнасьцяй нібыта дэмакратычнасьць Выбарчага кодэксу. Сёньня можна сказаць,
што ўлада дасягнула той мяжы, да якой яна гатовая была пайсьці ў сваіх
саступках дэмакратычным сілам, міжнароднай дэмакратычнай практыцы выбараў.
Таму што за гэтай мяжой, як яна лічыць, для яе ўжо будзе вялікая небясьпека
выбары прайграць.”
(Каліноўскі: ) “Прэзыдэнт адмовіўся ад тых прапановаў, які рабілі выбары
празрыстымі. Як вы мяркуеце, ці гэта ня значыць, што ўлада рыхтуецца да
фальсыфікацыі?”
(Кароль: ) “Улада хацела б не пайсьці на фальсыфікацыю – ў тым сэнсе,
каб выбаршчыкі прагаласавалі так, як яны плянуюць – кантроль да таго, як
выбаршчык ідзе на ўчастак. Гэта ўплыў, скажам, праз кіраўніцтва прадпрыемстваў,
калгасаў. Калі гэта ня ўдасца, тады ёсьць магчымасьць на апошнім рубяжы
сфальсыфікаваць вынікі выбараў. І калі ў выбарчых камісіях адсутнічаюць
прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, то гэта зрабіць вельмі лёгка.
І тут яшчэ адная дэталь. Наглядальнікі прапісаныя на ўсіх узроўнях,
акрамя Цэнтральнай Выбарчай Камісіі. А наколькі можна судзіць па рэфэрэндуме
лістападу 96г., фальсыфікацыя магчымая на апошнім узроўні – на ўзроўні
ЦВК. Тое, што прапанавана адміністрацыяй Лукашэнкі і прынята Палатай прадстаўнікоў
– гэта, па сутнасьці, камуфляжныя папраўкі. Прапісаныя правы наглядальнікаў
збольшага, не адменены абыход са скрынямі людзей – здаецца, у ніводнай
дэмакратычнай краіне гэтая норма не ўтрымліваецца, абмежаваны толькі лік
скрыняў: можна тры, а раней можна было больш. Уведзенае дэкляраваньне даходаў
–я думаю, што, з аднаго боку, гэта проста папулісцкая мера, разьлічаная
на народ – вось, маўляў, якая ў нас улада – яна кантралюе, не дапускае.
З другога боку, гэта магчымая мера супраць таго незалежнага кандыдата,
які рызыкне ўдзельнічаць у гэтых выбарах на свой страх і рызыку.”
(Каліноўскі: ) “Гэтыя папраўкі даюць магчымасьць партыям нейкім чынам
ацаніць Выбарчы кодэкс у цэлым і прыняць рашэньне аб удзеле альбо няўдзеле
ў выбарах пры такіх умовах. Якая, хутчэй за ўсё, гэта будзе выснова, на
ваш погляд?”
(Кароль: ) “Безумоўна, гэта амаль што апошняя дэманстрацыя сваіх намераў
з боку ўладаў, і відавочна, што так партыі гэта і будуць ацэньваць: што
больш на саступкі ў бок дэмакратызацыі Кодэксу ўлада не гатовая ісьці і
ня пойдзе. Гэта важкі аргумэнт для прыняцьця рашэньня аб удзеле альбо няздзеле
ў выбарах. Калі саступак больш ня будзе, то рашэньне, якое прымуць партыі
аб удзеле ў выбарах, хутчэй за ўсё, будзе адмлўным.”
Гэта быў палітоляг, адзін з кіраўнікоў Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная
Грамада” Аляксей Кароль.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1