Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі распаўсюдзіла адмысловую
заяву, у якой выказваецца стаўленьне да днямі вынесенага прысуду ў крымінальнай
справе Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна.
У заяве Амбасады ЗША ў Беларусі гаворыцца, што Злучаныя Штаты разглядаюць
працэс і прысуд, вынесены спадарам Статкевічу й Шчукіну, як палітычна абумоўленыя:
“Наколькі нам вядома, абодва яны маюць намер падаць апэляцыю, і мы заклікаем
урад скасаваць усе абмежаваньні й спагнаньні, прысуджаныя спадарам Статкевічу
й Шчукіну. Працяг перасьледу апазыцыйных палітыкаў можа толькі аслабіць
клімат даверу й захаваньня правоў чалавека, які зьяўляецца неабходнай умоваю
для свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі”.
Адвакатка Міколы Статкевіча Тацяна Станкевіч рыхтуе апэляцыю ў Вярхоўны
суд на рашэньне гарадзкога суду. Яна паведаміла “Радыё Свабода”, які асноўны
аргумэнт будзе ўжыты ў скарзе:
“Мы зьбіраемся падаць апэляцыю таму, што, на маю думку, складу злачынства
ў дзеяньнях Статкевіча й Шчукіна няма. Падставаю да абскарджваньня стала
тое, што і 27 ліпеня, і 17 кастрычніка ў горадзе адбываліся дэманстрацыі.
Яны, сапраўды, былі праведзеныя зь некаторымі парушэньнямі. Але казаць
пра тое, што тут былі нейкія групавыя дзеяньні, якія падпадаюць пад крымінальную
адказнасць, нельга”, – адказала Тацяна Станкевіч.
Лідэр “Народнае Грамады” Мікола Статкевіч у сувязі з заяваю Амбасады
ЗША наконт прысуду паведаміў “Радыё Свабода”:
“Я ўдзячны ўсім тым, хто падтрымліваў мяне і ў судзе, і хто цяпер робіць
заявы ў маю падтрымку. Відавочна, што працэс цалкам палітычны, таму што
мяне судзяць за палітычныя дэманстрацыі. І, безумоўна, прысуд – несправядлівы.
Уражаньне, што судзьдзя і не пісаў гэты прысуд. Натуральна, што такі палітычны
прысуд лідару палітычнай партыі будзе мець доўгатэрміновыя наступствы.
Ён не застанецца па-за ўвагай ня толькі амбасадаў, якія знаходзяцца ў Беларусі,
але і міжнароднага сацыял-дэмакратычнага руху”, – паведаміў лідэр сацыял-дэмакратаў
Мікола Статкевіч.
Сёньня на хвалі папулярнай у Менску FM-станцыі “Альфа Радыё” амэрыканскі
амбасадар Дэніэл Спэкгард на працягу гадзіны адказваў на пытаньні слухачоў.
Сярод пытаньняў на сямейна-побытавыя тэмы былі й пытаньні палітычнага зьместу.
Напрыклад: “ці ведае Дзяржаўны дэпартамэнт пра рэальнае становішча ў Беларусі?”.
На пытаньне адной студэнткі: “Чаму так складана беларускім студэнтам трапіць
у ЗША?” Дэніэл Спэкгард адказаў, што, сапраўды, ёсьць пэўныя цяжкасьці,
але яны апраўданыя, і спаслаўся пры гэтым на выпадак, які адбыўся летась.
Тады група студэнтаў зь Віцебску трапіла ў ЗША на стажаваньне, і 40% зь
іх не пажадалі вярнуцца дамоў.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1