Газэце “Беларуская маладзёжная” адмовілі ў правядзеньні традыцыйнага
фэстывалю “Купальле зь “Беларускай маладзёжнай”. Пачынаючы з 1994 году,
гэты фэстываль праходзіў у Менску штогод на прыканцы чэрвеня.
Менскія гарадзкія ўлады не дазволілі правядзеньне імпрэзы, спасылаючыся
на пратакол паседжаньня аргкамітэту пад кіраўніцтвам Замяталіна ў справе
сьвяткаваньня гадавіны вызваленьня Беларусі й Дня незалежнасьці. Згодна
з адказам намесьніка старшыні гарадзкога выканкаму Віктара Чыкіна, які
атрымала рэдакцыя, перад сьвяткаваньнямі 1-3 ліпеня ў парку Горкага, дзе
звычайна ладзілі “Купальле”, будзе праводзіцца частковы рамонт лавак і
дарожак. Цікава, што сама адміністрацыя парку ня ведае пра гэтыя намеры
гарадзкіх уладаў, бо дала згоду на правядзеньне ў гэтыя дні музычнай акцыі.
Адмову гарадзкога выканкаму камэнтуе рэдактарка “Беларускае маладзёжнай”
Тацяна Мельнічук:
(Мельнічук: ) “Мне вельмі прыкра, што нашыя цяперашнія ўлады падзялілі
на “чэсных” і “нячэсных” ня толькі журналістаў, палітычных і грамадзкіх
дзеячаў, але нават маладзёвыя мерапрыемствы. Мы будзем настойваць на прадаўжэньні
гэтай традыцыі. Канешне, гарвыканкам усё робіць так, каб мы не пасьпелі
спраўдзіць свае намаганьні ў купальскія дні, каб мы забраліся куды-небудзь
пад дах, правялі імпрэзу ў невялічкім зальчыку месцаў на 500, зь білетамі.
Але не: гэта – традыцыя вулічных маладзёвых фэстываляў, маладзёвага сьвята.
Гэта – тое, чым павінна займацца маладзёвая газэта. Яна будзе гэтым займацца.
Сёньня мы напісалі ў гарвыканкам яшчэ адну заяву – яны пасьпяваюць разгледзець
яе – каб яны перанесьлі фэстываль на 6 ліпеня, напрыклад. Шкада: мы тут
перасячэмся з праваслаўным днём Івана Купалы, мы не хацелі гэтага рабіць,
мы заўсёды сваё сьвята прымяркоўваем да астралягічнага Купальля, каб не
пакрыўдзіць ні тую, ні іншую канфэсыю.
У 96г. на адным з фэстываляў мы кінулі дэвіз: “Будзьце аптымістамі –
нараджайце дзетак!” Дык вось: нашыя хлопцы і дзяўчаты нараджаюць новае
пакаленьне, якое ня будзе жыць у цемрашальстве. І нашая газэта, нашыя фэстывалі
ўсяляк будуць спрыяць надыходу новых часоў, новага неба, новага пакаленьня.”
Гаварыла Тацяна Мельнічук.
Юлія Дранчук, Менск
Самае папулярнае
1