Пад час учарашняе паездкі ў Смалявічы на мясцовае аб’яднаньне
“Дом паркету” Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што ў блізкім часе забароніць
прадаваць на экспарт беларускую драўніну за бесцань, як сыравіну ў выглядзе
бярвеньня. Ён таксама заявіў, што недзяржаўныя прадпрыемствы галіны не
павінны быць у горшых умовах, чым дзяржаўныя.
У Смалявічах Аляксандар Лукашэнка выглядаў як прыхільнік рынкавай эканомікі.
Ці не пра тое мараць тысячы беларускіх прадпрымальнікаў, каб чыноўнікі
не глядзелі на іх, як на людзей другога гатунку; каб за магчымасьць купляць
беларускі лес не даводзілася прыніжацца й расплочвацца хабарам?
Важна, аднак, згадаць, хто дагэтуль, на працягу шасьці гадоў фактычнага
прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, замінаў усталяваць аднолькавыя правілы
працы для дзяржаўных і прыватных фірмаў? І з чыёй гэта злой прыхамаці беларускую
драўніну ўсе апошнія гады прадавалі за мяжу па нізкіх коштах у выглядзе
бярвеньня, а не як гатовую прадукцыю – не як мэблю, фанэру, паркет?
Калі пагартаць старыя газэтныя падшыўкі, можна выявіць дзіўную рэч:
4–5 гадоў таму, калі Іван Ціцянкоў пад шыльдаю кіраўніцтва прэзыдэнцкіх
справаў яшчэ толькі ствараў магутны дрэваапрацоўчы канцэрн-манапаліст,
зь ягоных вуснаў гучалі тыя самыя аргумэнты: недапушчальна, каб Беларусь
гандлявала сырой драўнінаю, дзяржава на гэтым губляе валюту. Толькі высновы
тады рабіліся зусім іншыя: Іван Ціцянкоў паводле асабістых распараджэньняў
Аляксандра Лукашэнкі атрымаў фактычна неабмежаваны доступ да таннага дзяржаўнага
лесу. Усе недзяржаўныя прадпрыемствы павінны былі падладжвацца пад Ціцянкова
і ці то ў яго, ці ў Міністэрства лясное гаспадаркі выпрошваць лес па больш
высокіх коштах.
Кардынальна пасьля гэтага нічога не зьмянілася: беларускі лес па-ранейшаму
пастаўляўся на экспарт пераважна ў выглядзе сыравіны, толькі вось грошы
за яго паступалі ўжо ў іншыя кішэні. Кішэні, верагодна, аказаліся не зусім
тыя, як тое абяцаў Ціцянкоў – гучная адстаўка ды імклівы заняпад створанай
ім “імпэрыі” ўскосна пра гэта сьведчаць.
І тут Аляксандар Лукашэнка едзе ў Смалявічы й неспадзявана для сябе
выяўляе, што акцыянэрнае таварыства “Дом паркету”, якое і блізка ня мела
тых ільготаў, што меў Ціцянкоў, ужо выпускае больш як палову ўсяго паркету
ў Беларусі. І просяць прыватнікі не палёгкаў, а проста аднолькавых умоваў
гаспадараньня з тымі фірмамі, што дзейнічаюць пад крылом кіраўніцтва справаў
прэзыдэнта.
Рынкавыя заявы Лукашэнкі, верагодна, мелі б высокую цану, калі б прагучалі
шэсьць, ці хаця б пяць гадоў таму. Тады, калі былі іншыя стартавыя магчымасьці,
калі Беларусь мела шанцы на значныя заходнія інвэстыцыі. Урэшце, калі не
было таго сумнага досьведу бясплённага змаганьня ўлады з прадпрымальнікамі,
якое ў многіх адбіла ахвоту ўкладваць сюды грошы. А бяз гэтага – бяз грошай
і заходніх тэхналёгіяў – Беларусь нягледзячы на любыя дырэктывы Лукашэнкі
яшчэ доўга ня здолее выпускаць з дрэва прадукцыю, якую б лёгка можна было
прадаваць на заходнім рынку.
Гэтыя шэсьць гадоў спатрэбіліся ўладзе, каб на ўласных, а не на чужых
памылках пераканацца, што дзяржаўны чыноўнік – кепскі гаспадар, і што добра
чалавек працуе толькі на сябе. Разьлічвацца за гэтыя расьцягнутыя на шэсьць
гадоў урокі пачатковай эканомікі даводзіцца цяпер усяму 10-мільённаму беларускаму
насельніцтву.
Валянцін Жданко, Менск
Самае папулярнае
1