Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Адразу семь службовых асобаў аштрафаваў Мазырскі раённы камітэт дзяржкантролю пасьля сумеснай з Цэнтрам гігіены і эпідэміялёгіі праверкі арганізацыі харчаваньня ў дзіцячых і дашкольных установах…

У ліку пакараных апынуліся загадчыцы садкоў № 26, № 34, № 16 ды іншых.
Самае распаўсюджанае парушэньне -- гэта выяўленыя лішкі прадуктаў: мука, цукар, масла, яйкі, сыр - ня ўсё трапляе на дзіцячы стол.

У садку № 26 мэдсястра, адказная за харчаваньне, спадарыня Машэчка, наагул уключыла ў мэню дзяцей куры й яйкі, у якіх скончыўся тэрмін захаваньня. Высьветлілася і такая заканамернасьць -- харчаваньне ў гарадзкіх дашкольных установах вядзецца не паводле натуральных нормаў, якія зацьвердзіла ў 93-ім годзе Міністэрства аховы здароўя, а па грашовых, узгодненых Мінфінам і Міністэрствам адукацыі, без удзелу галоўнага мэдычнага ведамства краіны.

У выніку на адно дзіця ў ясельнай групе выдаткоўвываецца на суткі 502 рублі, у дашкольнай групе 659 рублёў гэтых грошай не хапае, каб забясьпечыць паўнавартаснае сталаваньне дзяцей. Па падліках камісыі натуральныя нормы харчаваньня ў мазырскіх садах па мясапрадуктах выконваюцца на 90 адсоткаў, рыбе сьвежамарожанай і гародніне на 63 і 65 адсоткаў, садавіне меней як на чвэрць, сокаў з мякацьцю толькі на 14 адсоткаў.

Такая сытуацыя трывожыць бацькоў, бо садок для многіх сем’яў -- адзіная надзея, дзе дзіця магло б нармальна харчавацца. Дома гэта не заўсёды можна забяспечыць, нізкія заробкі, якія да таго ж выплочваюцца не рэгулярна, вымушаюць бацькоў эканоміць на ўсім і на ежы таксама.

У гэтай сувязі ўзгадваецца як сёлета ў красавіку падчас паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў забруджаную радыяцыяй вёску Канатоп Нараўлянскага раёну, гэта паўсотні кілямэтраў далей за Мазыр, мацяркі з трывогай гаварылі пра харчаваньне дзяцей, забеспячэньне іх чыстай вітаміннай прадукцыяй. Садавіны ў вёсцы не купіць, а дзецям патрэбныя, сьцвярджалі жанчыны, і яблык і банан. На тое кіраўнік дзяржавы адказаў: “А я гэтыя бананы увогуле не люблю”. І пытаньне было вычарпанае .

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG